Звесткі пра палітычныя прысуды на Гомельшчыне, пра якія праваабаронцы даведаліся апошнім часам, сабраў Флагшток па матэрыялах «Гомельскай вясны». Тэндэнцыя застаецца ранейшай: большасць прысудаў звязаная, меркавана, з вайной Расіі супраць Украіны і вынесена на «справе Беларускага Гаюна». Гэты рэсурс адсочваў дзеянні расійскай арміі на тэрыторыі Беларусі перад і падчас агрэсіі супраць Украіны.
Яшчэ двух жыхарак Мазыра рэпрэсавалі, імаверна, за паведамленні «Гаюну». Гомельскі абласны суд абвінаваціў 47-гадовую Аксану Клепацкую паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса ў «сайдзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Найбольш верагодна, што жанчыне прысудзілі абмежаванне волі без накіравання ў карную ўстанову. Праз закрытасць судовай сістэмы больш дакланы прысуд пакуль высвятляецца. Пра Аксану вядома, што яна з’яўляецца індывідуальнаю прадпрымальніцаю ў сферы рознічнага гандлю, была дырэктаркаю кавярні «Блін бяры».

Аксана Клепацкая і Яўгенія Лобан. Фота: сацсеткі
Па аналагічных абвінавачваннях быў вынесены палітычна матываваны прысуд 45-гадовай Яўгеніі Лобан з Мазыра. Меркавана, жанчыне прысудзілі абмежаванне волі без накіравання ў карную ўстанову.

Дзмітрый Зобачаў. Фота: сацсеткі
Па той жа справе, верагодна, асудзілі жыхара Жлобіна – вынеслі прысуд 33-гадоваму жыхару Жлобіна Дмітрыю Зобачаву. Мужчыне, найхутчэй, прысудзілі абмежаванне волі без накіравання ў карную ўстанову. Вядома, што Дзмітрый у 2020 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту. Магчыма, нейкі час ён жыў у акупаваным цяпер украінскім Данецку.

Яўген Балтоўскі. Фота з ягонага профілю на career.habr.com
Паводле шэрагу палітычных артыкулаў зняволілі ІТ-прадпрымальніка з Гомеля. Абласны суд вынес вырак 45-гадоваму Яўгену Балтоўскаму. Яго абвясцілі вінаватым у распальванні варажнечы (частка 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса), ва ўваходжанні ў экстрэмісцкае фармаване (ч. 3 арт. 361-1 КК), у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК), у паклёпе на Лукашэнку (ч. 1 і 2 арт. 367 КК) і ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). Мужчыне прысудзілі пазбаўленне волі ў калоніі. Больш канкрэтны прысуд і сутнасць выстаўленых абвінавачванняў цяпер высвятляюцца. Яўген працаваў прадпрымальнікам у сферы распрацоўкі праграмнага забеспячэння і кансультавання ў гэтай галіне. Таксама раней ён граў у гомельскім незалежным «Адкрытым тэатры».
Акрамя таго, як заўважыў Флагшток, у абноўлены «спіс экстрэмістаў» МУС унесла 4 верасня жыхара Гомеля Ігара Свірыдзенку, які шмат гадоў кіраваў пошукавым аб’яднаннем «Памяць Айчыны» і вяртаў імёны загінулых салдат, але ў 2023 годзе ўлады ліквідавалі аб’яднанне. Таксама ў спісе – яго жонка Алена, якая працавала старэйшай медыцынскай сястрой у аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі дзіцячай бальніцы ў Гомелі.

Ігар Свірыдзенка. Скрыншот відэа з сацсеткі
Абодва асуджаныя за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»: Ігар Свірыдзенка, верагодна, атрымаў «хімію» з накіраваннем, а Алена – «хатнюю хімію».
Таксама сталі вядомымі вырак палітвязню з Чачэрска і месца, дзе яго зняволілі. Рамана Емяльянава пачалі судзіць у сакавіку 2025 года, вінавацячы паводле часткі 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса («масавыя беспарадкі»). Цяпер праваабароны даведаліся, што Емяльянаву прысудзілі чатыры гады пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і трымаюць у калоніі № 1 у Наваполацку.

Эдуард Курляндчык. Фота: сацсеткі
Яшчэ з'явіліся звесткі, што ўжо амаль год з палітычных матываў трымаюць ў СІЗА № 3 у Гомелі 56-гадовага жыхара Мазыра Эдуарда Курляндчыка. Яго спрабуюць абвінаваціць адразу паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэкса, і ўсе яны палітычныя. Эдуарду выстаўляюць абвінавачванні паводле артыкула 130 у распальванні сацыяльнай варажнечы, арт. 361 у закліках да санкцыяў, арт. 361-1 у стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім, арт. 367 у паклёпе на Лукашэнку, арт. 368 у абразе Лукашэнкі, арт. 369 ў абразе прадстаўніка ўладаў, арт. 369-1 у дыскрэдытацыі Беларусі.
Пра суд над Курляндчыкам пакуль не было інфармацыі. Паведамляецца, што ў Эдуарда маюцца праблемы са здароўем – захвораванне СКТ, сэрца і трамбоз венаў.