Новыя палітычныя прысуды на Гомельшчыне: пад рэпрэсіі трапілі ўраджэнка Расіі, вынаходнік, пашукавік, перакладчыца

| Палітыка

Звесткі пра палітычныя прысуды на Гомельшчыне, пра якія праваабаронцы даведаліся на працягу апошняга тыдня, сабраў Флагшток па матэрыялах «Гомельскай вясны».

Аналіз паказвае, што тэндэнцыя застаецца ранейшай: большасць прысудаў звязаная, меркавана, з вайной Расіі супраць Украіны. Адразу некалькіх жыхароў Гомельшчыны рэпрэсавалі, імаверна, па справе Telegram-каналу «Беларускі Гаюн», які адсочваў дзеянні расійскай арміі на тэрыторыі Беларусі перад і падчас агрэсіі супраць Украіны.

Акрамя таго, паводле звестак Флагштока, у гомельскім СІЗА працягваюць знаходзіцца шматлікія фігуранты па «справе Гаюна», якія яшчэ чакаюць суду або працэсы над імі пакуль працягваюцца.



Жанна Серада. Фота: сацсеткі


А пакуль стала вядома, што ў Гомельскім абласным судзе 56-гадовую жыхарку Мазыра Жанну Сераду абвясцілі вінаватай у так званым «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і засудзілі паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса. Праз закрытасць судовай сістэмы вынесены ёй прысуд пакуль высвятляецца, але дакладна вядома, што ён не звязаны са зняволеннем. Найхутчэй, жанчыне прысудзілі абмежаванне волі без накіравання ў карную ўстанову. 

Жанна Серада нарадзілася ў Расіі, там атрымала адукацыю ў сферы паліграфіі. Але доўгі час жыве ў Мазыры, маючы там сям’ю. Яна захапляецца падарожжамі – аб’ехала шмат якія краіны свету. 



Міхаіл Вага. Фота з сайта «Гомельскай вясны»


Таксама праваабаронцы даведаліся, што затрыманага ў снежні 2025 года 29-гадовага гомельскага стартапера Міхаіла Вагу ў Гомельскім абласным судзе абвясцілі вінаватым па тых жа частках арт. 361-4 і прысудзілі чатыры гады абмежавання волі без накіравання ў карную ўстанову. Прысуд ужо набыў моц. 

Міхаіл Вага пасля сканчэння гомельскай гімназіі № 71 скіраваўся ў Мінск, дзе вучыўся на факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Пазней стварыў свой стартап у вытворчасці прыдуманага ім яшчэ ў юнацтве HandEnergy – зараднага прыстасавання для смартфонаў, якое выпрацоўвае электрычную энергію праз хістанне яго ў руцэ і дазваляе, напрыклад, такім чынам зараджаць смартфоны.  

У 2017 годзе пра ягонае вынаходніцтва і запуск у вытворчасць напісалі многія СМІ ў Беларусі. Сярод іншых і галоўная прапагандысцкая праўладная газета «СБ», якая паведамляла, што пакупнікамі прыстасавання зрабіліся шматлікія замоўнікі з Кітая, Нямеччыны і Беларусі.



Марыя Пашкоўская. Фота перададзена BelPol


Паводле аналагічнага абвінавачвання у Гомельскім абласным судзе вынеслі вырак 34-гадовай перакладчыцы са Жлобіна Марыі Пашкоўскай. Таксама яе абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку (ч. 1 і 2 арт. 367 КК). Вынесены ёй прысуд пакуль невядомы, але ён дакладна звязаны са зняволеннем: альбо пазбаўленне волі ў калоніі, або абмежаванне волі з накіраваннем у карную ўстанову.

Тым часам трое жыхароў Гомельшчыны, пра прысуды якім пакуль няма дакладнай інфармацыі, вызнаныя палітычнымі зняволенымі. Актывіста з Добрушскага раёна Паўла Кучэрына затрымалі сёлета ў студзені. Яго зняволілі ў СІЗА № 3 ў Гомелі і абвінавацілі паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэкса ў абразе Лукашэнкі. 



Ігар Свірыдзенка. Скрыншот відэа з сацсеткі


Таксама палітзняволенымі прызнаныя сужэнцы Алена ды Ігар Свірыдзенкі. Раней Ігар Свірыдзенка кіраваў пошукавым аб’яднаннем «Памяць Айчыны». Але ў 2023 годзе ўлады яго ліквідавалі, абвясціўшы, што яны шукалі не тое, што трэба, і іхнія знаходкі непраўдзівыя, бо абвяргаюць канцэпцыю ўлады пра «генацыд беларускага народу».

Вядома, што сужэнцаў затрымалі каля аднаго году таму, але ў чым канкрэтна абвінавацілі – дакладнай інфармацыі ў праваабаронцаў няма. Сужэнцаў ужо асудзілі і пакаралі абмежаваннем волі з накіраваннем у карную ўстанову. Тэрмін пакуль высвятляецца.