Новыя палітычныя прысуды на Гомельшчыне: пад рэпрэсіі трапіў былы вайсковец

| Палітыка

Звесткі пра палітычныя прысуды на Гомельшчыне, пра якія праваабаронцы даведаліся на працягу апошняга тыдня, сабраў Флагшток па матэрыялах «Гомельскай вясны».

Тэндэнцыя застаецца ранейшай: большасць прысудаў звязаная, меркавана, з вайной Расіі супраць Украіны. Чатырох жыхароў Гомельшчыны рэпрэсавалі, імаверна, па «справе Гаюна». У абласным судзе іх усіх абвясцілі вінаватымі ў так званым «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (часткі 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса). Маніторынгавы Telegram-канал «Беларускі Гаюн» адсочваў дзеянні расійскай арміі на тэрыторыі Беларусі перад і падчас здзяйснення ёю ўзброенай агрэсіі супраць Украіны, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

У Гомельскім абласным судзе вынеслі палітычна матываваны прысуд 34-гадоваму жыхару Светлагорска Ягору Бойку. Яго абвясцілі вінаватым не толькі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», але і «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусі» паводле арт. 369-1 КК.



Ягор Бойка. Фота: «Вестник Белнефтехима»


Вынесены яму прысуд зараз высвятляюць праваабаронцы, але вядома, што ён не звязаны са зняволеннем – імаверна, яму прысудзілі абмежаванне волі.

Ягор Бойка скончыў Ваенную акадэмію Беларусі і з 2014 да 2020 года служыў ва Ўнутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў, прайшоўшы пасады ад камандзіра ўзвода да старшага афіцэра службы штаба. 

З 2020 года па 2023 год Ягор Бойка працаваў на аб’яднанні «СветлагорскХімвалакно» адмыслоўцам ў арганізацыі закупак і вядучым адмыслоўцам бюро эканамічнай ды інфармацыйнай бяспекі і паралельна быў індывідуальным прадпрымальнікам. Цяпер месцам ягонай працы пазначана прадпрыемства Shacman-bel.



Вольга Марчанка. Фота: сацсеткі 


Праваабаронцам дакладна вядома, што менавіта за паведамленні «Гаюну» у абласным судзе вынеслі абвінаваўчы вырак 30-гадовай жыхарцы Гомеля Вользе Марчанка. Ёй прысудзілі тры гады абмежавання волі без накіравання ў карную ўстанову. 



Глеб Ганчароў. Фота: сацсеткі


Таксама ў абласным судзе быў вынесены прысуд 33-гадоваму жыхару Гомеля Глебу Ганчарову. Акрамя абвінавачвання ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» яго абвясцілі вінаватым у абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). Вынесены яму прысуд пакуль высвятляецца. Але дакладна вядома, што ён звязаны са зняволеннем. Мужчыну прысудзілі або пазбаўленне волі ў калоніі, або абмежаванне волі з накіраваннем у карную ўстанову. 



Канстанцін Котаў


51-гадоваму жыхару вёскі Краснае Гомельскага раёна Канстанціну Котаву вынеслі вырак паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса, а таксама па ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку). Прысуд звязаны са зняволеннем – гэта або пазбаўленне волі ў калоніях, або абмежаванне волі з накіраваннем у карную ўстанову. 



Аляксандр Пархоменка.Фота: schools.by


Пра яшчэ адзін выпадак распавяла «Наша ніва». Маладога школьнага настаўніка з Мазыра таксама асудзілі паводле ч. 1 і 2 арт. 361‑4 КК. 23-гадоваму Аляксандру Пархоменку прысудзілі «хімію» з накіраваннем ці калонію – анлайн ён так і не з'явіўся.

Хлопец родам з вёскі Дуброва Ельскага раёна. Пасля заканчэння ўніверсітэта размеркаваўся ў сярэднюю школу №6 Мазыра, дзе працаваў настаўнікам працоўнага навучання. Яго цанілі як перспектыўнага спецыяліста. У 2025 годзе Аляксандр стаў пераможцам раённага этапу рэспубліканскага конкурсу сярод працуючай моладзі «SuperПРОФІ» ў намінацыі «SuperПРОФІ ў сферы адукацыі і навукі» і прадстаўляў Мазыршчыну на абласным этапе.