«Справа Гаюна» і не толькі: за што апошнім часам рэпрэсавалі жыхароў Гомельскай вобласці

| Палітыка

Звесткі пра рэпрэсаваных жыхароў Гомельшчыны, пра якіх даведаліся праваабаронцы за апошні тыдзень, сабраў Флагшток па матэрыялах «Гомельскай вясны» і «Нашай нівы».

Па-ранейшаму большасць прысудаў звязаная, меркавана, з вайной Расіі супраць Украіны. Траіх жыхароў Гомельшчыны рэпрэсавалі, імаверна, па «справе Гаюна». У абласным судзе іх усіх абвясцілі вінаватымі ў так званым «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (часткі 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса). Маніторынгавы Telegram-канал «Беларускі Гаюн» адсочваў дзеянні расійскай арміі на тэрыторыі Беларусі перад і падчас здзяйснення ёю ўзброенай агрэсіі супраць Украіны, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.



Святлана Бажанкова. Фота: сацсеткі


У прыватнасці, рэпрэсавалі 60-гадовую жыхарку абласнога цэнтра Святлану Бажанкову. Дакладна вядома, што прысуд не звязаны са зняволеннем. Найбольш імаверна жанчыне прысудзілі абмежаванне волі без накіравання ў карную ўстанову. Як дадала «Наша ніва», Святлана шмат гадоў адпрацавала страхавым агентам. Яна праваслаўная верніца. 

Таксама выданне заўважыла, што Гомельскі абласны суд вынес прысуд 32-гадовай Надзеі Віцікавай – ураджэнцы вескі Насовічы Добрушскага раёна. Жанчыну прызналі вінаватай адразу паводле некалькіх палітычных артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Яе асудзілі не толькі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», але і за «паклёп на Лукашэнку», «дыскрэдытацыю Беларусі».



Надзея Віцікава. Фота: сацсеткі


Паводле наяўнай інфармацыі, пераслед быў звязаны з інтэрнэт-каментарамі і, імаверна, са «справай Гаюна». Надзея працавала і жыла на Гомельшчыне, у сацыяльных сетках пісала пра паўсядзённае жыццё, пакупкі і хатніх жывёл. Таксама яна дапамагала шукаць гаспадароў для бяздомных кацянят. 
Прысуд ужо ўступіў у законную сілу. Жанчыне прызначылі абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатнюю хімію»).

Усяго, паводле праваабаронцаў, у «справе Гаюна» рэпрэсавалі ўжо мінімум 87 жыхароў Гомельшчыны. Рэальная лічба пацярпелых ад пераследу можа быць значна большай.

А ў Мінску быў вынесены прысуд ураджэнцу Светлагорска паводле трох палітычных артыкулаў. Захара Пупушоя абвясцілі вінаватым у распальванні варажнечы (частка 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса), рэабілітацыі нацызму (ч. 1 арт. 130-1 КК) і ўваходжанні ў склад экстрэмісцкага фармавання (ч. 3 арт. 361-1 КК).


Захар Пупушой. Фота: сацсеткі


Паводле звестак «Нашай Нівы» Захар Пупушой нарадзіўся ў Светлагорску ў 2005 годзе. У 2018 годзе ён паступіў у кадэцкую вучэльню ў Гомелі, а сваё паўналецце ён сустрэў у дзіцячым доме. Праз што ён трапіў у сацыяльную ўстанову – невядома.

Апошнія гады маладзён жыў у Мінску, дзе і быў зарэгістраваны. Там ён стварыў сям'ю, у якой нарадзіўся маленькі сын. Сутнасць абвінавачванняў і вынесены прысуд невядомыя – ёсць інфармацыя, што ён звязаны са зняволеннем.