27 лютага Міністэрства ўнутраных спраў дадало ў свой «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асобаў без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» імя фатографкі прыроды з Гомеля Наталлі Бачурынскай. Сёлета ў Гомельскім абласным судзе ёй вынеслі жорсткі прысуд паводле артыкула 361-2 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці). Жанчыне тады прысудзілі тры гады пазбаўлення волі.
Як даведаліся праваабаронцы, падчас абскарджвання Вярхоўны суд перакваліфікаваў артыкул з «фінансавання экстрэмісцкай дзейнасці» на «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (часткі 1 і 2 арт. 361-4 КК). Праз гэта, а таксама, улічваючы кепскі стан здароўя Наталлі Бачурынскай, ёй змякчылі ёй прысуд, прызначыўшы тры гады абмежавання волі без накіравання ў карную ўстанову, піша «Гомельская вясна».

Наталля Бачурынская. Фота: сацсеткі
Зараз праваабаронцы спрабуюць даведацца сутнасць выстаўленых ёй абвінавачванняў. Наталля Бачурынская шмат фотаграфавала прыроду, асабліва птушак, яе добра ведалі ў ліквідаванай уладамі арганізацыі арнітолагаў-аматараў «Ахова птушак Бацькаўшчыны».
