Гомельскую фатографку прыроды і бёрдвочарку асудзілі па палітычнай справе

| Палітыка | 0

У Гомельскім абласным судзе 13 студзеня вынеслі прысуд жыхарцы абласнога цэнтра, вядомай у колах аматараў прыроды фатографцы ды бёрдвочарцы Наталлі Бачурынскай. Пра гэта праваабаронцам паведаміла крыніца, піша «Гомельская вясна». Наталлю абвясцілі вінаватай у «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» і паводле артыкула 361-2 Крымінальнага кодэкса прысудзілі тры гады пазбаўлення волі. Сутнасць выстаўленых ёй абвінавачванняў зараз высвятляюць праваабаронцы.



Наталля Бачурынская. Фота: сацсеткі


Раней пра затрыманне Наталлі праваабаронцам не было вядома. І толькі па атрыманні інфармацыі пра вынясенне ёй прысуду ўдалося даведацца, што яна знаходзіцца ў СІЗА № 3 у Гомелі прыкладна з ліпеня. Тады разам з ёй там была і самая сталая палітзняволеная Сафія Бачурынская, якую вызвалілі ўжо з жаночай калоніі 13 снежня 2025 года пасля перамоваў прадстаўніка адміністрацыі ЗША Джона Коўла з Лукашэнкам.  

Наталля і Сафія Бачурынскія не з’яўляюцца родзічкамі, у іх проста аднолькавыя прозвішчы. Наталля Бачурынская шмат фотаграфавала прыроду, асабліва птушак, яе добра ведалі ў ліквідаванай уладамі арганізацыі арнітолагаў-аматараў «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Відавочна, што пераслед Наталлі Бачурынскай звязаны з рэалізацыяй ёю права на свабоду асацыяцыяў, гарантаванага кожнаму артыкулам 20 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, адзначаюць праваабаронцы. Улады Беларусі ў адвольным парадку і без абгрунтаванняў для грамадства абвяшчаюць тыя ці іншыя аб’яднанні людзей, якія прасоўваюць альтэрнатыўны палітыцы дзейных уладаў парадак дня, «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Потым такі статус асацыяцыяў яны выкарыстоўваюць для рэпрэсіяў тых, хто нейкім чынам кантактаваў з тымі аб'яднаннямі.