Працаўніка «Гомсельмаша» асудзілі за дапамогу «Гаюну». Каго яшчэ рэпрэсавалі ў апошні час на Гомельшчыне

| Палітыка

Звесткі пра рэпрэсаваных жыхароў Гомельшчыны, пра якіх даведаліся праваабаронцы ў апошнія два тыдні, сабраў Флагшток па матэрыялах «Гомельскай вясны».

Па-ранейшаму большасць прысудаў звязаная з вайной Расіі супраць Украіны. Траіх жыхароў Гомельшчыны рэпрэсавалі, імаверна, па «справе Гаюна». У абласным судзе іх усіх абвясцілі вінаватымі ў так званым «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (часткі 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса). Маніторынгавы Telegram-канал «Беларускі Гаюн» адсочваў дзеянні расійскай арміі на тэрыторыі Беларусі перад і падчас здзяйснення ёю ўзброенай агрэсіі супраць Украіны, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.



Валерый Мельнікаў. Фота: сацсеткі


30-гадоваму жыхару Веткі Валерыю Мельнікаву прысудзілі пакаранне, звязанае са зняволеннем – або пазбаўленне волі ў калоніі, або абмежаванне волі з накіраваннем у карную ўстанову.


Сяргей Янчанка. Фота: сацсеткі


Са зняволеннем звязаны прысуд 45-гадоваму жыхару Гомеля Сяргею Янчанку. Верагодна, яму прысудзілі або пазбаўленне волі ў калоніі, або абмежаванне волі з накіраваннем у карную ўстанову. Вядома, што Сяргей Янчанка працаваў на аб’яднанні «Гомсельмаш».



Андрэй Шарамецьеў. Фота: сацсеткі


Так званую «хатнюю хімію» – абмежаванне волі без накіравання – прысудзілі 38-гадоваму жыхару вёскі Цяруха Гомельскага раёна Андрэю Шарамецьеву. Пры гэтым яго назвалі вінаватым яшчэ і ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1 КК). Мужчына з 2008 года займаўся прадпрымальніцтвам, але апошнія гады дзейнасці не ажыццяўляў.

Акрамя таго, у абласным судзе вынеслі прысуд 33-гадоваму жыхару Гомеля Аляксандру Харчанку. Яго абвясцілі вінаватым па аналагічных артыкулах, але ў гэтым выпадку прысуд дакладна звязаны са зняволеннем.



Аляксандр Харчанка. Фота: сацсеткі


Таксама ў Гомельскім абласным судзе вынеслі прысуд 65-гадоваму жыхару вёскі Лагуны Добрушскага раёна Сяргею Стасенку. Яго назвалі вінаватым паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса праз частку 1 артыкула 14 (замах на злачынства).

Стасенку прыпісалі замах на акт тэрарызму (ч. 2 арт. 289 КК), незаконныя дзеянні датычна вогнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў (ч. 4 арт. 295 КК), наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку ці шляхоў зносінаў (ч. 4 арт. 309 КК), здраду дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК), стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім (ч. 3 арт. 361-1 КК). 



Сяргей Стасенка. Фота прадастаўлена BelPol


Вынесены мужчыну прысуд пакуль высвятляецца, але зразумела, што ён звязаны з пазбаўленнем волі. Паводле пастаўленых яму ў віну артыкулаў прадугледжанае пакаранне да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Сяргей Стасенка апошнім часам працаваў страхавым агентам «Белдзяржстраха» ў Гомельскім раёне, а раней быў дырэктарам закрытага акцыянернага таварыства «Белаўтаматыкасервіс». Ён жыў у вёсцы Лагуны, побач з якою праходзіць чыгунка з Гомеля ў бок украінскага горада Гарадня, а недалёка размешчаны адноўлены расіянамі вайсковы аэрадром у Зябраўцы.



Аляксей Пятроўскі. Фота: сацсеткі


Яшчэ стала вядома, што ў Мазыры арыштаваны пенсіянер, які ў 2020-м удзельнічаў у пратэстах. Праваабаронцы атрымалі інфармацыю пра затрыманне 76-гадовага Аляксея Пятроўскага. Падставы пакуль высвятляюцца. Але вядома, што ў ягонай хаце правялі ператрус, забраўшы ўсе гаджэты і носьбіты інфармацыі.