Справа «Гаюна» і «здрада дзяржаве». За што апошнім часам рэпрэсавалі жыхароў Гомельшчыны

| Палітыка

Звесткі пра палітычныя прысуды на Гомельшчыне, пра якія праваабаронцы даведаліся на працягу апошняга тыдня, сабраў Флагшток па матэрыялах «Гомельскай вясны». Аналіз паказвае, што тэндэнцыя застаецца ранейшай: большасць прысудаў звязаная, меркавана, з вайной Расіі супраць Украіны. 

Жыхара Мазыра зняволілі за нібыта «здраду дзяржаве». Гэта ўжо трэці чалавек з трохкутніка Калінкавічы – Мазыр – Нароўля, зняволены паводле такой фармальнай падставы і засуджаны ў Магілёве. 58-гадовага жыхара Мазыра Аляксандра Яжэўскага абвясцілі вінаватым паводле часткі 1 артыкула 356 праз частку 1 артыкула 14 Крымінальнага кодэкса ў замаху на здраду дзяржаве. Праз закрытасць судовай сістэмы вынесены яму прысуд пакуль невядомы, але ён дакладна звязаны са зняволеннем. 



Аляксандр Яжэўскі. Фота прадастаўлена BelPol


Найбольш імаверна яму прысудзілі пазбаўленне волі ў калоніі, бо іншых пакаранняў інкрымінаваны яму артыкул не прадугледжвае. Прычым мінімальны тэрмін, які можа быць прысуджаны паводле гэтай часткі – сем гадоў. 

Невядомая і сутнасць выстаўленых Аляксандру Яжэўскаму абвінавачванняў. Імаверна, пераслед мужчыны нейкім чынам звязаны з поўнамаштабнай расійска-ўкраінскай вайной, якую расійскія захопнікі пачалі супраць Украіны ў тым ліку і з тэрыторыі Беларусі.

Раней у Магілёўскім абласным судзе асобнымі справамі паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэкса судзілі яшчэ дваіх жыхароў Гомельшчыны, прычым суседніх з Мазыром гарадоў. У пачатку траўня да 10 гадоў зняволення засудзілі актывіста з Нароўлі Міколу Віткоўскага, а пазней вынеслі прысуд актывісту з Калінкавічаў Аляксандру Елісееву, якога таксама зняволілі на 10 гадоў. 

Жыхара Нароўлі рэпрэсавалі, верагодна, па «справе Беларускага Гаюна», які адсочваў дзеянні расійскай арміі на тэрыторыі Беларусі перад і падчас здзяйснення ёю ваеннай агрэсіі супраць Украіны. У Гомельскім абласным судзе 51-гадовага Сяргея Яскаўца абвясцілі вінаватым у так званым “садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці” і рэпрэсавалі паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса. Вынесены яму прысуд не звязаны са зняволеннем: хутчэй за ўсё, яму прысудзілі абмежаванне волі без накіравання ў карную ўстанову. 



Сяргей Яскавец. Фота: сацсеткі


Сяргей Яскавец паходзіць з вёскі Зашыр’е Ельскага раёну. Стала жыве ў Нароўлі, працаваў выкладчыкам у мясцовым прафесійным ліцэі. Таксама ён зарэгістраваны ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка ў сферы надання паслугаў таксі. 

Пра яшчэ аднаго асуджанага даведалася «Наша ніва». Расіяніна, які доўгі час жыў на Гомельшчыне, асудзілі за праўкраінскія каментары ў Telegram. 42-гадовы ўраджэнец Масквы Уладзімір Карчэўны, які шмат гадоў жыў у Жлобіне, атрымаў тэрмін у калоніі па трох палітычных артыкулах. Паводле звестак праваабаронцаў, мужчыну пераследавалі за каментары ў Telegram у падтрымку Украіны. Гомельскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у «дыскрэдытацыі Беларусі», «закліках да санкцый» і «абразе Лукашэнкі». Дакладны тэрмін зняволення невядомы.



Уладзімір Карчэўны. Фота прадастаўлена BelPol


У сярэдзіне 2000-х Карчэўны пераехаў з Масквы ў Жлобін, пазней некалькі гадоў працаваў у Польшчы, пасля чаго вярнуўся ў Беларусь і жыў у Старадарожскім раёне. 

Тым яшчэ траіх жыхароў Гомельскай вобласці праваабаронцы прызналі палітзняволенымі. Мяркуецца, што іх усіх рэпрэсавалі па «справе Гаюна». Сяргею Зарубу са Жлобіна прысудзілі тры гады абмежавання волі з накіраваннем у карную ўстанову. 

Паводле тых самых частак таго ж артыкула рэпрэсавалі Вікторыю Паташкіну – гамяльчанку, якая апошнім часам жыла ў Мінску. Правабаронцы пакуль высвятляюць прысуд, які ёй вынеслі, але дакладна вядома, што ён звязаны са зняволеннем.

Такую самую падставу скарысталі для рэпрэсіі жыхара Калінкавічаў Антона Целеша, прысуд якому таксама звязаны са зняволеннем.