У Добрушы захваляваліся аб забароне ва Украіне беларускай мовы – а самі «забаранілі» яе ўжо даўно

| Палітыка | 0

Свой чарговы прапагандысцкі артыкул галоўны рэдактар газеты Добрушскага райвыканкама Сяргей Чайдак прысвяціў тэме «дыскрэдытацыі» ва Украіне беларускай мовы з высновай, што там збіраюцца ўвогуле яе забараніць.

«За язык, конечно, обидно», — піша Чайдак па-руску.




Далей ён бярэцца разважаць аб дзвюх «версіях» беларускай мовы — «тарашкевіцы» і «наркамаўцы». Афіцыйны правапіс ён называе мілагучным, хоць не толькі філолагі ведаюць, што «наркамаўка» —гэта штучна створаная мова, а беларускія класікі свае першыя творы пісалі на мове, якая бліжэй да больш натуральнай «тарашкевіцы», якую рэдактар называе «паланізаванай».



Сяргей Чайдак. Фота: сацсеткі


Мэта Чайдака зразумелая — знайсці чарговую нагоду для дыскрэдытацыі Украіны і апанентаў беларускага рэжыму. Пры гэтым рэдактар замоўчвае тое, што беларуская мова нават у афіцыйнай яе «версіі» даўно дыскрэдытавана ва ўсёй Беларусі і таксама ў Добрушскім раёне.



Гарадскія святы ў Добрушы ладзяць па-руску, нават тады, калі яны прысвячаны пісменніку, які пісаў па-беларуску


Напрыклад, Дзень беларускага пісьменства тут ладзілі з расійскім акцэнтам, а ў мясцовай газеце няма практычна ніводнай публікацыі па-беларуску.