Яўген Глушкоў з вёскі Зябраўка Гомельскага раёну знаходзіцца ў СІЗА, меркавана, па падазрэнні ў шпіянажы. Менавіта каля гэтай вёскі знаходзіцца вайсковы аэрадром, на якім з пачатку вайны размяшчаюцца расійскія вайскоўцы. Адтуль былі зафіксаваныя запускі ракетаў па ўкраінскай тэрыторыі. Адтуль жа выляталі вайсковыя самалёты.
Як даведалася Свабода, вясковец быў затрыманы яшчэ ў жніўні, з таго часу жыхара Гомельскага раёну трымаюць у СІЗА-3 Гомеля. Крыніца, блізкая да падзеяў, расказала падрабязнасці пра затрыманага.

Яўген Глушкоў скончыў ветэрынарную акадэмію ў Віцебску, адслужыў у беларускім войску — у Асобнай службе актыўных мерапрыемстваў (АСАМ), спецназе памежных войскаў. Гэта адно з самых непублічных падраздзяленняў беларускага войска. Пасля службы Глушкоў пэўны час жыў ва Ўкраіне (ягоныя бацькі — этнічныя ўкраінцы, даўно жывуць у Беларусі), граў там у музычным гурце. Акрамя гэтага, Глушкоў таксама жыў у Кітаі — у тым ліку падчас пратэстаў у Беларусі ў жніўні 2020 году.
«Ён разарыўся ў Кітаі праз каранавірус, таму вярнуўся ў Беларусь. У яго нават нявеста была ў Кітаі, але нешта ў іх не сышлося. У Гомелі ён уладкаваўся на працу паводле спецыяльнасці, на вэтэрынарную станцыю. Працаваў сумленна, меў толькі падзякі ад гаспадароў хатніх гадаванцаў. Пра яго калегі і кліенты адзываліся выключна добра», — распавяла крыніца.
Яшчэ з часоў побыту ва Ўкраіне і Кітаі Яўген, з словаў суразмоўцы, меў шмат кантактаў з украінцамі.
«Калі ў ноч з 10 на 11 жніўня на аэрадроме ў Зябраўцы здарыўся інцыдэнт, пра які шмат пісалі СМІ, то пачаліся праверкі мясцовых. У Яўгена ў тэлефоне знайшлі стары здымак аэрадрому, які ён рабіў з дрону. І яшчэ знайшлі кантакты розных украінцаў. Гэтага было дастаткова, каб яго затрымаць. Наколькі я ведаю, „шыюць“ шпіянаж, а гэта — да 15 гадоў. Сваякі і знаёмыя Яўгена ў шоку ад сытуацыі», — дадала крыніца.Пра інцыдэнт, які здарыўся ў ноч з 10 на 11 жніўня 2022 году на аэрадроме ў Зябраўцы, распавядаў Флагшток. Тады жыхары паўднёвых раёнаў Гомля і навакольных вёсак чулі гукі, падобныя да выбухаў, і бачылі сполахі на небе. Міністэрства абароны супакойвала беларусаў паведамленнем пра тое, што «10 жніўня каля 23 гадзін у часе кантрольнага прабегу адной з адзінак тэхнікі пасля праведзенай замены рухавіка адбылося загаранне».
Пазьней былі апублікаваныя спадарожнікавыя здымкі інцыдэнту, на якіх бачныя сляды выбуху на ўзлётнай паласе вайсковага аэрадрому.