У спісах праваабаронцаў «Вясны» з'явіліся дадзеныя Аляксандра Баранава. Ён быў сярод тых, каго 28 траўня 2026 года праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі, паведаміла «Хрысціянская візія».

Аляксандр Баранаў. Фота: Facebook
50-гадовы Аляксандр Баранаў – вядомы каталіцкі вернік і бізнэсовец з Мазыра. На сайце мясцовага райвыканкаму ён пазначаны як старшыня Гісторыка-культурнага грамадскага аб'яднання «Спадчына Палесся». Ягоныя мэты – садзейнічанне аднаўленню і захаванню гісторыка-культурнай спадчыны Ніжне-Прыпяцкага Палесся, іншых гісторыка-культурных каштоўнасцяў Гомельшчыны».
Цяпер Аляксандра абвінавацілі ў іншым садзейнічанні – «экстрэмісцкай дзейнасці».
Бізнэсовец вядомы тым, што стварыў на месцы былога мужчынскага кляштара цыстэрцыянцаў у Мазыры культурную прастору «Даліна анёлаў» і займаўся аднаўленнем гэтага комплексу, каб перадаць яго Каталіцкай царкве.
У апошнія гады ў старадаўнім будынку працавала мэблевая фабрыка. Аднак у 2010 годзе яна збанкрутавала. Комплекс быў выстаўлены на аўкцыён, і яго набыў Аляксандр Баранаў – з мэтай аднавіць кляштар з храмам, а побач, у іншых будынках – арганізаваць буйную культурную пляцоўку.

Фота: Facebook
Планы пачалі рэалізоўвацца, пачалася рэканструкцыя кляштару, а ў «Даліне анёлаў» ладзілі шматлікія мерапрыемствы. Гэта пляцоўка нават была ўключана ў турыстычны патэнцыял Мазыршчыны, яна дагэтуль пазначана на сайце афіцыйнага турыстычнага парталу Беларусі. Аднак у апошнія некалькі гадоў дзейнасць культурнай прасторы спынілася.
Таксама Аляксандр быў сярод тых, хто ў 2020 годзе набыў праз аукцыён будынак былога палаца Горватаў у Нароўлі і займаўся яго аднаўленнем разам з пісьменнікам Андрусём Горватам і прадпрымальнікам Пятром Кузняцовым.

Андрусь Горват і Аляксандр Баранаў. Фота: Facebook
Пра Аляксандр вядома, што ён быў затрыманы 5 студзеня 2026 года. Праз некалькі дзён пасля арышту яго змясцілі ў СІЗА ў Гомелі, дзе ён утрымліваецца да цяперашняга часу ў чаканні суда. Мужчыну вінавацяць паводле ч. 1 арт. 361-4 («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») Крымінальнага кодэкса. Пераслед тычыцца «справы Беларускага Гаюна», маніторынгавага каналу, які фіксаваў дзеянні расійскай арміі на тэрыторыі Беларусі пры наступе на Украіну.

