Пяць гадоў – пенсіянерцы і мінімум 4 новых прысудаў па справе «Гаюна»: каго рэпрэсавалі на Гомельшчыне за апошні час

| Палітыка

Звесткі пра палітычныя прысуды на Гомельшчыне, пра якія праваабаронцы даведаліся на працягу апошніх двух тыдняў, сабраў Флагшток па матэрыялах «Гомельскай вясны».

41-гадовага жыхара Мазыра Паўла Чарняка ў Гомельскім абласным судзе абвясцілі вінаватым у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (часткі 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса). Вынесены яму прысуд цяпер высвятляецца, але вядома, што ён звязаны са зняволеннем. Мужчыну прысудзілі або пазбаўленне волі ў калоніі, або абмежаванне волі з накіраваннем у карную ўстанову.



Павел Чарняк. Фота: сацсеткі


Найбольш імавернаю нагодаю для рэпрэсіі з’яўляецца гучная справа манторынгавага Telegram-канала «Беларускі Гаюн». Менавіта ў рамках гэтае справы ўжо цягам году адбываюцца масавыя палітычныя рэпрэсіі жыхароў Беларусі і ва ўсіх выпадках улады выкарыстоўваюць у якасці фармальнай падставы часткі 1 і 2 арт. 361-4 КК.

Канал адсочваў дзеянні расійскай арміі перад і падчас здзяйснення ёю ўзброенага ўварвання ва Украіну, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі.



Сяргей Каржэўскі. Фота: сацсеткі


З той жа нагоды, імаверна, асудзілі 31-гадовага Сяргея Каржэўскага, жыхара Мінску, ураджэнца Мазыра. Прысуд не звязаны са зняволеннем – верагодна, мужчыне прысудзілі абмежаванне волі без накіравання ў карную ўстанову. 

Па аналагічнай справе абвясцілі вінаватым 28-гадовага жыхара Гомеля Аляксандра Новікава – яму прысудзілі 2 гады і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў карную ўстанову. 



Аляксандр Новікаў. Фота: сацсеткі


Таксама ў Гомельскім абласным судзе вынеслі вырак па тым жа абвінавачванні 40-гадоваму жыхару Гомеля Уладзіміру Новіку. Што канкрэтна прысудзілі мужчыну – пазбаўленне волі ў калоніі ці абмежаванне волі з накіраваннем у карную ўстанову, высвятляецца.



Уладзімір Новік. Фота: сацсеткі


Уладзімір скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, пазней адвучыўся на ІТ-адмыслоўца ў Java Enterprise і працаваў у кампаніі Java Developed, якая распрацоўвае праграмнае забеспячэнне. 

Нядаўна праваабаронцы даведаліся прысуд рэпрэсаванай 66-гадовай жыхарцы Гомеля. Вольгу Строеву абвясцілі вінаватай паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: частка 1 артыкула 130 (распальванне варажнечы), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцыяў), ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі). Пенсіянерцы прысудзілі пяць гадоў пазбаўлення волі.



Вольга Строева. Фота: сацсеткі


Пра Вольгу Строеву вядома, што яна займалася прадпрымальніцкай дзейнасцю ў сферы гандлю прадуктамі харчавання. 

Акрамя таго, паводле артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» асудзілі 31-гадовую Дар'ю Калінаву. Яшчэ школьніцай яна была адной з самых вядомых вучаніц Светлагорска, піша «Наша ніва». З шостага класа яна штогод перамагала на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах па працоўным навучанні, атрымлівала ўзнагароды на міжнародных конкурсах і фестывалях даследчых прац. Пасля школы Дар'я працягвала адукацыю ў Еўропе.



Дар'я Калінава. Фота: сацсеткі


Нядаўна стала вядома, што Дар'ю Калінаву асудзілі ў Гомельскім абласным судзе. Акалічнасці справы невядомыя. Дакладны прысуд таксама невядомы, але гэта ці «хімія» з накіраваннем, ці калонія.