У Гродненскім абласным судзе 15 снежня вынеслі прысуд 46-гадоваму палітзняволенаму актывісту з Рэчыцы Алесю Здаравеннаву. Яго абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве паводле артыкула 356 і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па артыкуле 361-4 Крымінальнага кодэкса. Актывіста асудзілі на дзесяць гадоў калоніі і прызначылі штраф у памеры 500 базавых велічыняў (21 тыс. рублёў), паведаміў Флагштоку знаёмы Алеся.
Паводле яго, сутнасць абвінавачвання ў здрадзе дзяржаве ў тым, што пасля пачатку расійскай вайны рэчычанін адправіў паведамленне свайму сябру ва Украіне, каб папярэдзіць яго аб небяспецы з-за абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі.

Алесь Здаравеннаў. Фота: сацсеткі
Алеся затрымалі напрыканцы сакавіка на мяжы з Літвой пасля вяртання ў Беларусь, таму падчас следства памясцілі у гродзенскі СІЗА. Спачатку ў яго знайшлі «экстрэмізм» у тэлефоне і асудзілі да адміністрацыйнага арышту паводле арт. 19.11 КаАП. Потым Алесь апынуўся ў СІЗА па абвінавачанні ў палітычна матываваным крымінальным артыкуле.
«Прапускаць праз мяжу войска іншай дзяржавы – гэта нармальна, а папярэджваць сябра, што на яго ракета ляціць – гэта нельга», – пракаментаваў знаёмы.
Таксама затрымалі брата Алеся, які жыве з Мінску – Вадзіма. Яму нядаўна вынеслі прысуд за адзін негатыўны каментар у інтэрнэце ў адрас дыктатара: 2 гады калоніі.