«80 год не было да гэтай тэмы ніякай справы, а тут успомнілі». Гiсторык расказаў, што стаiць за спробамi знайсцi новыя месцы пахаванняў

| Гісторыя

Генеральная пракуратура абвесцiла пошук iнфармацыi аб месцах пахавання ахвяр вайны. Гомельскi гiсторык, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малiкаў займаецца вывучэннем месцаў былых гістарычных могілак і пахаванняў на тэрыторыі Гомеля на працягу ўжо амаль двух дзясяткаў гадоў. Ён выказаў сваё меркаванне Флагштоку, што стаiць за новымi спробамi адшукаць вінаватых і знайсцi новыя месцы пахаванняў.


Гісторык Яўген Малікаў

— Вы займалiся пахаваннямi ў Ляшчанцу, на 9-м кiламетры. Цi звярталiся да вас следчыя?

— Гэта быў 2016 год, калі ўлады вырашылі пабудаваць шматпавярховікі ў рэальна існуючым парку “Ляшчынскі лес”. Супраць будаўніцтва актыўна выступілі мясцовыя жыхары, для якіх гэта ёсць адзіная даступная зялёная зона, а я дадаў да агульнага ведама мемарыяльную важнасць гэтага месца для нашага горада. Усю сабраную інфармацыю па гэтаму месцу я апублiкаваў у навуковым зборнiку, а таксама на старонках газеты “Савецкi раён”, на партале “Моцныя навіны” і лістамі праінфармаваў мясцовыя ўлады. Таму зараз, калі дэманстратыўна пачалася чарговая “кампанія барацьбы”, на гэты раз па пошуку месцаў злачынстваў, я ўспрымаю яе як прафанацыю.

Яны збіраюцца самі шукаць месцы, у той час як гэтую інфармацыю даўно збiраюць гісторыкі і розныя пошукавыя арганiзацыi, ёсць архіўныя дакументы, нават карты. Ну гэта як, уявіце, напрыклад, Гомельскi гарвыканкам абвясціў бы ў СМІ пра тэрміновы пошук месцаў археалагiчных помнiкаў на тэрыторыi Гомеля — у той час як ёсць археолагi, ёсць вядомыя месцы, і навошта ж было б імітаваць прафесійную працу? Так і зараз абвяшчэнне такіх пошукаў — гэта імітацыя бурнай работы: 80 год не было да гэтай тэмы ніякай справы, у тым ліку і апошнія 27 год, а тут нечакана ўспомнілі. З чаго бы гэта?


Савецкія салдаты-вязні Дулаг-121 у Гомелі. У першыя месяцы зімы 1941–1942 года абсалютная большасць іх загіне ад голаду і хваробаў

— Як вы думаеце, чаму праз столькi дзесяцiгоддзяў улады занялiся тэмай генацыду часоў вайны?

— Калi кату рабiць няма чаго, то ён пачынае iмiтаваць хоць нейкую дзейнасць. Так i тут. Усім зразумела, што ў нас зараз ідзе вялікае супрацьстаянне з астатнім цывілізаваным светам, увасабленне якога закадзіравана ў страшным слове “Захад”. І калi трэба iдэалагiчна супрацьстаяць нейкаму абстрактнаму “Захаду”, то трэба прыдумаць зручнае нам месца барацьбы. I такое рэальнае і вельмі зручнае месца — Другая сусветная вайна, таму што там сапраўды было зроблена шмат злачынстваў супраць нашага народу. Ну не эканомікай жа страшнаму Захаду супрацьстаяць! 

Таму гэта зараз выключна iдэалагiчны канструкт, які павінны пераключыць увагу грамадзян са злачынстваў пасля жніўня 2020 года на злачынствы часоў Другой сусветнай вайны. Нават у савецкі час да гэтага не дадумаліся, бо вынікі Нюрнбергскага працэса дакладна далі адказ на гэтае пытанне. А мы тут можам яшчэ і фінансавай кампенсацыі патрабаваць (я думаю, што пасля ідэалагічнай гэта другая рэальная прычына узбуджэння справы). Ва ўмовах стану нашай эканомікі проста беспройгрышны варыянт! Воcь і далі заданне адпаведным органам.


Раскопкі масавага пахавання ў былым супрацьтанкавым рове каля с. Краснае

— Некаторыя месцы пахаванняў у Гомелi, як то 9 кiламетр, i магчыма, Лешчынец, звязаны з пахаваннямi двух перыядаў — сталiнскiх рэпрэсiй 1930-х гадоў i нацыстскiмi злачынствамi. Чаму ў адным выпадку гэта генацыд, а ў другiм — не генацыд?

— Гэта ж i ёсць сутнасць сучаснай беларускай iдэалогii — заўважаць праблемы, злачынствы там, дзе гэта зараз выгадна (злачынствы фашыстаў у час Другой сусветнай вайны), i не заўважаць там, дзе ідэалагічна невыгадна (калi амаль на тых самых месцах на 5 гадоў раней савецкiя НКВДшнiкi ў такой жа колькасці расстрэльвалi невiнаватых людзей). У нас жа невыпадкова няма турыстычнага аб’екта а-ля “лінія Гітлера” (напрыклад, “Усходні вал” 1943 года), а вось “лінія Сталіна” ёсць, хоць яна ніякай ролі ў час Другой сусветнай вайны не адыграла.

Трэба сказаць, што “9-ты кiламетр” i “за 9-м кiламетрам” — гэта два розных месцы для нашага горада. Аналізуючы архіўныя дакументы і размаўляючы са старажыламі Гомеля, я высвятліў, што тэрмін “9 кiламетр” адносіцца да яўрэйскiх могiлак напрыканцы вулiцы Iльiча, дзе восенню 1941 года былi растраляны яўрэi з навабелiцкага гета. Дакладна там, дзе яны былi расстраляны і закапаны (плюс-мінус 20 метраў), стаiць зараз вялікі чорны крыж. “За 9 кіламетрам” — гэта ўжо Навабеліцкі лес, растрэльны лес перыяду сталінскіх рэпрэсій 1930-х гадоў.


Масавае пахаванне савецкіх салдат-ахвяр нацысцкага канцлагера Дулаг-121 у Гомелі ў раёне пл. Паўстання перад стадыён Цэнтральны

— Вы прыводзiлi цiкавую статыстыку, што ёсць лiчба агульнай колькасцi ахвяр часоў нямецкай акупацыi, i колькасцi пахаваных у брацкiх i асобных магiлах. Чаму гэтыя лiчбы так моцна не сыходзяцца?

— У гэтым ёсць глыбінная сутнасць савецкай iдэалогii, спадкаемцам якой з’яўляецца сучасная беларуская “iдэалогiя”. У савецкiя часы было прынята казаць, што “нiхто не забыты, i нiшто не забыта”, aле ў рэальнасцi косткi гэтых салдат да сёняшняга часу, праз 80 гадоў, збiраюць пашукавiкi па лясах. І гэта тычылася не толькi месцаў баёў па-за межамi населенных пунктаў. Гэта тычылася i тэрыторыі гарадоў. У Гомелi такiя жахлiвыя месцы адразу пасля вайны былi зафiксаваны, гэтыя дакументы захаваліся, яны вядомы і даступны. Але да гэтых месцаў пахаванняў фактычна амаль нiколi не вярталiся ўвесь наступны пасляваенны перыяд, і яны спакойна забудоўваліся. Абсалютна тыповая савецкая практыка.

У справах па расследванню злачынстваў нямецка-фашысцкiх захопнiкаў на тэрыторыi Гомеля, якiя захоўваюцца ў Дзяржаўным архiве Гомельскай вобласцi, прамым тэкстам указана, што асноўным месцам знiшчэння савецкiх грамадзян з’яўляўся Ляшчынскi лес. Тады ж было падлiчана, што там было знiшчана i закапана прыблiзна 20–30 тысяч чалавек. Але на сёння ў тым раёне рэальных магiл толькі адна на вуліцы Брэсцкай, на 200 падпольшчыкаў з ПВРЗ, i яшчэ магіла 800 яўрэяў, расстраляных у супрацьтанкавым рове, каля сучаснага аўтобуснага парка па Барыкіна, парэшткі якіх былі эксгуміраваны і перанесены ў 1958 годзе на суседнія Ляшчынскiя могiлкi (былыя вясковыя). Магіл усiх астатнiх прыблізна 19–29 тысяч — няма! Але ў размовах з мясцовымi жыхарамi часам усплываюць факты выпадковых знаходак гэтых пахаванняў — напрыклад, калi ў 1960–1970-х гадах на той жа вулiцы Брэсцкай аптэку будавалi, дык выкапалi кучу чалавечых касцей, i гэтыя косткi ляжалi доўгi час проста на вуліцы, i нiхто iх не прыбiраў. Такiх прыкладаў вельмi шмат.

Таксама вядома, што на месцы канцлагера Дулаг-121, каля сучасных фабрык “8 сакавiка” і “Праца”, знаходзiўся яшчэ даваенны роў, які быў выкапаным стралковым цiрам кавалерыйскай вайсковай часткi, што там стаяла. I ў зімку 1941–1942 гадоў у гэты роў немцы пачалi складаць чырвонаармейцаў, якiя памерлi ў канцлагеры. Наскладалi ўвесь роў, засыпалi яго, i калi ў канцы 1943 — пачатку 1944 спецыяльная савецкая каміссія расследвала гэтую справу, дык вызначылi, што гэты роў увесь запоўнены целамі чырвонаармейцаў. Па кубатуры падлiчылi, што там каля 100 тысяч чалавек знаходзiлася. Але ніякага помніка там так і не паставілі.

I вось, здаецца ў 2008, калi будавалi адміністратыўны будынак на вуліцы Кніжная, 15-А, мясцовыя жыхары бачылi, як экскаватар грузiў гэтыя косткi на самазвал i вывозіў. На жаль, я вельмі позна пра гэта даведаўся, калі ўжо нiчога нельга было зрабiць. А гомельскі гісторык Юрый Глушакоў тады нават ліст на імя намесніка мэра — Сяргея Парошына пісаў, у адказ прыйшла адпіска, што “изложенные вами факты не подтвердились”. Вось цудоўнейшы прыклад рэальных адносiн да ахвяр вайны ў сучаснай Беларусі. Можна ўзбуджаць мiльён крымінальных спраў пра генацыд беларускага народа, абвяшчаць у СМІ пра пошук месц невядомых пахаванняў ахвяр вайны, але калi даходзiць да рэальных касцей, якiя выпадкова трапляюць у час будаўнiцтва, — іх спакойна выкiдваюць, нiбыта iх і не было, i яшчэ прымушаюць рабочых казаць, што яны нiчога не бачылi. Вось i ўся сутнасць. Iмiтацыя бурнай дзейнасцi пры поўнай адсутнасцi рэальнага захавання памяці пра ахвяр. І тут ніякія новаўзведзеныя помнікі і громкія словы на мітынгах не кампенсуюць будаўніцтва на рэальных магілах ахвяр. “Патрыятызм” ва ўсёй красе!


Служачыя пошукавага батальёну і валанцёры ў час раскопак каля Краснага сяла

— У Гомелi плануецца будоўля мiкрараёнаў у раёне 9 кiламетра, Ляшчынcкага лесу. Якое стаўленне ўладаў да апублікаваных фактаў, што там знаходзяцца массавыя пахаванні?

— Тады ў 2016 годзе апошняй рэакцыяй па гэтай справе была афіцыйная інфармацыя, што да 2018 года у Ляшчынскiм лесе дакладна будаўнiцтва весцiся не будзе. 2018 даўно скончыўся, але гэта абсалютна зусім не азначае, што яны адмовіліся ад ідэі ўцюхаць там некалькі элітных шматпавярховікаў. Пытанне застаецца актуальным, i невядома, цi не захочуць яны заўтра там будаваць — на касцях забітых і забытых людзей. Зноў-такi, мы бачым бурную iмiтацыю памяцi пра ахвяр вайны. Вобразна кажучы: будзем гразiць кулаком абстрактным недабiтым палiцаям, але ў рэальнасцi грошы не пахнуць, i калi трэба пабудаваць на месцы пахаванняў элітны дом — яго запраста пабудуюць. Збяруць пасля экскаватараў дзесяць выпадкова не вывезенных на звалку костак, урачыста іх перапахаваюць і яшчэ дададуць, што “толькі дзякуючы сучаснаму будаўнiцтву адшукалі невядомую магiлу ахвяр”. Выдадуць жахлівае святатацтва за свой цудоўны поспех.


Аранжавым пазначана тэрыторыя на выездзе з Новай Беліцы (так званы "9 кіламетр"), якую плануецца забудаваць адпаведна з дзеючым генеральным планам

Прыблiзна такая ж сiтуацыя i з Навабелiцкiм лесам. Справа ў тым, што ў тых жа дакументах 1943–1944 гадоў, складзеных адмысловай камісіяй, якая займалася расследваннем злачынстваў фашыстаў, прамым тэкстам напiсана, што асноўнае месца нямецкіх растрэлаў і пахаванняў — Ляшчынскi лес. I толькi ў адным фрагменце тэкста, у пералiку шэрагу месц, дзе знiшчалiся людзi, узгаданы 9 кiламетр па Чарнiгаўскай шашы — гэта, як я ужо казаў, месца знішчэння навабеліцкага гета. І больш у тых дакументах 9 кiламетр не фiгуруе як месца знiшчэння савецкіх грамадзян фашыстамi, бо ў рэальнасці ўсе тады ведалі, што там было месца знiшчэння савецкіх грамадзян НКВДшнiкамi яшчэ на некалькі год раней, чым прыйшлі фашысты. Але не гдедзячы на тое, што там двойчы ўжо знаходзілі массавыя пахаванні (у 1995 і 2007 гадах), і я ўжо не кажу пра выпадкі знаходак адзінкавых магіл, пытанне массавых пахаванняў ахвяр сталінскага рэжыма ў Навабеліцкім лесе ўвогуле негалосна забаронаная тэма для афіцыйнага абмеркавання ў нашым горадзе.

Флагшток

У старым доме ў цэнтры Гомеля знойдзены «скарб» старых прадметаў

| Гісторыя

У пабліку «Пошукі старога Гомеля» апублікаваныя фотаздымкі нечаканых знаходак, якія былі знойдзеныя ў драўлянай сядзібе Гомеля. Краязнаўцы распавялі пра былых гаспадароў дома і знойдзеныя ў будынку рэчы.

Сослали на Колыму из-за письма родственникам в Западную Беларусь. В Гомеле снимают документальное кино о сталинских репрессиях

| Гісторыя

В Гомеле начались съемки документальных фильмов о сталинских репрессиях. В рамках кампании «Забітыя і забытыя» готовится цикл из четырех фильмов с историями жителей города и области.

«Кіраўнік калгаса прыскакаў ды разагнаў удзельніц шэсця бізуном». Як на Гомельшчыне адраджаецца старажытны абрад

| Гісторыя

На другі дзень пасля Вялікадня ў вёсках Гадзічава ды Маркавічы Гомельскага раёна праводзяць абрад «Ваджэнне Сулы». Адроджаны ў 2007 годзе абрад традыцыйна збірае вялікую колькасць моладдзі, якая не дае традыцыям продкаў згаснуць назаўжды.

Краязнаўцы знайшлі ўнікальныя фота пабудовы маста праз Сож

| Гісторыя

Краязнаўцы з гомельскага гістарычнага пабліка «Пошукі старога Гомеля» знайшлі фотаздымкі будоўлі маста праз Сож. Здымкі з электроннага архіву Дзяржаўнага музея гісторыі Санкт-Пецярбургу. У апісанні файла паметка з пытальнікам: «1880-я гады?»