Яўген Торлін — архітэктар стараабрадзец, які зрабіў Гомель падобным да Кіева

| Гісторыя

Гомельскія краязнаўцы з супольнасці Пошукі старога Гомеля апублікавалі новыя звесткі з гісторыі архітэктуры горада. Гісторыкі лічаць, што гомельскі архітэктар Яўген Торлін перанёс у Гомель горадабудаўнічую моду сталічнага Кіева. Падрабязнасці ў матэрыяле краязнаўцаў.



Фотамантаж: партрэт Торліна і паштоўка з будынкам яго аўтарства

Нарадзіўся Яўген Торлін ў 1862 годзе у сям'і заможнага кіеўскага купца першай гільдыі стараабрадца Кірыла Рыгоравіча Торліна.

Сярэднюю адукацыю Торлін атрымаў у Кіеўскім рэальным вучылішчы. У 1882 годзе паступіў у Пецярбургскі інстытут грамадзянскіх інжынераў (пазней яго скончыць другі галоўны архітэктар Гомеля — Станіслаў Шабунеўскі). Скончыў інстытут у 1887 годзе «па першым разрадзе».

У час свайго студэнцтва Яўген Торлін дапамагаў галоўнаму гарадскому архітэктару Кіева Нікалаеву. Па сканчэнні воінскай павіннасці ў 1888 годзе яго прызначылі гарадскім архітэктарам у Гомелі. На гэтай пасадзе ён працаваў як мінімум да 1892 года.


Подпіс Яўгена Торліна на архітэктурным чарцяжы маёмаснага залога для банка




Фрагмент чарцяжа гомельскай лякарні пачатку 19 стагоддзя (чарцёж Яўгена Торліна 1890 года)


Нам давялося трымаць у руках гомельскія чарцяжы (1889-1892 гадоў) з ягонымі подпісамі. Пазнейшыя яго аўтографы мы не знайшлі.

Відаць, падчас працы ў Гомелі ён пабраўся шлюбам з Ганнай (па бацьку Гаўрылаўна).

Цікава, што на ўсіх вядомых здымках архітэктар мае пышную бараду. Патлумачыць такі стыль нескладана — Торлін быў стараабрадцам, для якіх нашэнне барады для мужчын з'яўлялася правілам.



Яўген Торлін з жонкаю

Прапраўнучка архітэктара Ніна Торліна у сваім даследаванні указала, што вясною 1894 года ў Гомелі ў Торліных нарадзіўся сын Фёдар, і што неўзабаве сямейства пераехала ў Кіеў. Пазней у іх нарадзіліся дочкі Аляксандра, Зінаіда і яшчэ адзін сын Мікалай.



Яўген і Ганна Торліны з дзецьмі

На адным з планаў 1899 года нам давялося знайсці ўчастак Торліных на вуліцы Фельдмаршальскай побач з будынкам цэнтральнай гарадской Лазні. Дом, збудаваны напрыканцы 19 стагоддзя, на тым участку стаіць і сёння. На жаль, дакладныя дадзеныя гаспадара пазначаныя не былі.



Дом у Спасавай Слабадзе, які мог належыць у канцы 19 стагоддзя сям'і Торліных (сённяшні адрас Пралетарская, 6)

Вядома, што 1899-1890 гадах Яўген Торлін ужо удзельнічаў у рэканструкцыі дома ў Кіеве на вул. Саксаганскага, 52. Там ён надбудаваў два паверхі над цаглянай эклектычнай камяніцай.



Дом на вул. Саксаганскага, 52 у Кіеве, які рэканструываў Яўген Торлін


Вядомы яшчэ адзін будынак аўтарства Торліна ў Кіеве: на вуліцы Малападвальнай, 6 на участку свайго бацькі ён узвёў прыбыткавы дом. У 1908 годзе пасля падзелу спадчыны бацькі, ён стаў адзіным яго уладальнікам. Менавіта на балконе таго будынку быў зроблены здымак сямейства Торліных.



Прыбытковы дом Торліных на вуліцы Малападвальнай, 6 у Кіеве (фота 1912 года)


Сучасны выгляд былога дома Торліных на вуліцы Малападвальнай, 6 у Кіеве


Акрамя таго кіеўскія краязнаўцы называюць яшчэ адзін аб'ект Торліна па адрасе Кастанцінаўская, 32. Гэты прыбытковы будынак быў узведзены ў 1899-1900 гадах.

Ці перажыў Яўген Торлін прыход бальшавікоў, дакладна невядома. Але ёсць інфармацыя пра няшчасны лёс яго сына Фёдара. Пасля рэвалюцыі ён атрымаў медычную адукацыю. Але сваё жыццё ён звязаў са стараабрацкай царквой: служыў у храмах Кіева, Дабранкі і Навазыбкава. За рэлігійную дзейнасць яго расстралялі бальшавікі ў 1938 годзе ў Клінцах. У 1955 Фёдар Торлін быў пасмяротна рэабелітаваны.



Фёдар — сын Яўгена Торліна

На сёння мы маем мала інфармацыі аб будынках Торліна. Юбілейны зборнік дадзеных аб дзейнасці былых гадаванцаў Інстытута грамадзянскіх інжынераў, выдадзены 1893 годзе, утрымлівае спіс аб'ектаў архітэктара.



Выразка са зборніка



Від на гарадскія прыстані з левага берага Сажа



Прыстань пры рацэ Сож (але якія з драўляных будынкаў ён там пабудаваў, сказаць цяжка)



Новы гасціны двор на Базарнай плошчы



Першыя два шэрагі капітальных лавак былі ўзведзеныя тут 1879-1881 гадах.
Торлін аб'яднаў іх у адзіны закрыты перыметр і зрабіў чатыры дэкараваныя аркі ўваходу для праходу ўнутр


Будынак для гарадскіх устаноў, вядомы як будынак Гарадской думы, у працэсе пабудовы (каля 1889 года)



Будынак Гордумы на фрагменце паштоўцы пачатку 20 стагоддзя. Першы паверх амаль цалкам займалі крамы


Даведнік указвае, што Торлін праектаваў не толькі ў Гомелі. У прыватнасці ён спраектаваў жаночую гімназію ў Навазыбкаве

Акрамя таго зборнік падказвае, што праектаваў Торлін шмат: ён прымаў замовы на прыватныя пабудовы, будаваў розныя гарадскія будынкі і збудаванні.

У 1890 гадах Гомель пержываў будаўнічы бум. Таму за аўтарствам Яўгена Торліна маглі з'явіцца дзясяткі іншых будынкаў. У тым ліку і адметныя гомельскія дамкі, упрыгожаныя складаным цагляным дэкорам.

Выявіць ягонае аўтарства ў іншых будынках можна з дапамогай мастацкага аналізу дэкору.




Будынак цэнтральнай лазні Міхаіла Рудзееўскага быў спраектаваны 1895 годзе.
Пабудова мела ажурную балюстраду з цэглы на даху, такую як на будынку Гарадской думы



Будынак на вуглу Румянцаўскай і Ірынінскай быў узведзены ў 1890-х гадах і афармлены так, як і другі паверх Гарадской думы



На фасадах гомельскіх прыбытковых дамоў (дом Маянца 1894 года і дом Кузняцова 1895 года)
 можна заўважыць асобныя элементы, якія сустракаюцца на кіеўскіх дамах Торліна



Кіеўскія будынкі, якія праектаваў ці рэканструяваў Яўген Торлін

Выкажам здагадку. Менавіта камандзіроўка кіеўляніна Торліна на пасаду гарадскога архітэктара ў Гомель і паўплывала на папулярнасць цаглянага стылю ў горадзе. Архітэктар прывез сталічную будаўнічую моду і зрабіў забудову Гомеля падобнай на Кіеўскую. Бліжэйшыя губернскія цэнтры Магілёў і Чарнігаў напрыканцы 19 стагоддзя не маглі пахваліцца такой колькасццю эфектных дамкоў са складаным цагляным дэкорам. 

Пережил нацистский лагерь в Гомеле и за это был арестован СМЕРШем. История гомельского подпольщика, который пострадал от нацистов и коммунистов

| Гісторыя | 0

Марк Цалихин был репрессирован за то, что был в немецком плену — за нахождение в фашистском Дулаг-121 его сослали в советский Печорлаг.

«Не гарманіравала з прыгожымі будынкамі на цэнтральнай плошчы». Як гомельскія ўлады зносілі пажарную каланчу аўтарства Шабунеўскага

| Гісторыя | 0

Публікуем працяг матэрыялу аб будынку аўтарства архітэктара — пажарнай каланчы. Артыкул падрыхтаваны паводле матэрыялаў гомельскіх краязнаўцаў.