«Сваю набожнасць яны праяўляюць шумна і весела». Хто такія хасіды і што ім трэба ва Украіне?

| Гісторыя

Здавалася б, ва ўмовах працяглага ўнутрыпалітычнага крызісу, да якога ўжо больш за месяц прыцягнута ўся ўвага пераважнай большасці беларусаў, мала што гэтую ўвагу можа адцягнуць. Але пару дзён таму акрамя звыклых ужо нам шматтысячных збораў на вуліцах і плошчах беларускіх гарадоў мы пабачылі людскія натоўпы і на беларуска-ўкраінскай мяжы, якія складаюцца з дзіўных і незразумелых з пункту гледжання сярэдняга беларуса людзей у экзатычным убранні, распавядае Наша Ніва. Гэта яўрэі-хасіды ва ўмовах каранавіруснага каранціну, у які зноў уваходзіць наша паўднёвая суседка, намагаюцца прабіцца да свайго святога месца. Хто яны такія і чаму ім не сядзіцца дома ў такі неспакойны час? Тлумачыць гісторык Аляксандр Пашкевіч. 

Хасідызм — гэта плынь самай старажытнай монатэістычнай рэлігіі свету, іудаізму. У параўнанні з самім іудаізмам, яна адносна маладая, бо ўтварылася толькі ў XVIII стагоддзі. 

Радзімай і гістарычным цэнтрам хасідызму стала тэрыторыя Рэчы Паспалітай, а дакладней — украінскае Падолле, дзе жыў вучоны рабін Ісраэль бен Элізер, што ўвайшоў у гісторыю пад мянушкай Бешт (скарочана з іўрыта «Добры чалавек, які ведае таемнае імя Бога»). Гэты чалавек і стаў у 1730-я гады заснавальнікам новага вучэння. 

Хасідызм ва іудаізме можна ў пэўнай ступені параўнаць з пратэстантызмам у хрысціянстве. Як і Марцін Лютэр са сваімі паслядоўнікамі, Бешт прапаведаваў, што пазнанне Бога даступнае не толькі царкоўным інтэлектуалам, але і простым міранам. 

Фота Радыё Свабода


Мэтай кожнага верніка, паводле яго, з’яўляецца «двекут» — адзінства з Богам. І дасягнуць яго можна, не толькі гадамі і дзесяцігоддзямі занураючыся ў вывучэнне святых кніг, але і проста аддаючыся радасці служэння Богу. Іншымі словамі, на першае месца ставілася эмацыйнае ўспрыманне Бога, а не рэлігійная вучонасць і веданне абрадаў, як у традыцыйным артадаксальным іудаізме.

Таму сярод хасідаў не распаўсюджаны аскетызм, якраз наадварот — ім уласцівая прыхільнасць да вясёлых песень і танцаў. Сваю набожнасць яны праяўляюць шумна і весела, цалкам аддаючыся пачуццям. Не дзіва, таму што такая вера прыйшлася людзям вельмі даспадобы і пачала хутка пашырацца з мястэчка Меджыбаж (цяпер Хмяльніцкая вобласць Украіны), дзе жыў Бешт, на іншыя яўрэйскія гарады і мястэчкі Рэчы Паспалітай. Тым больш што ў Бешта былі дзясяткі вучняў. 

Неўзабаве хасідскія грамады можна было ўжо сустрэць практычна паўсюль, хоць асноўным цэнтрам хасідызму па-ранейшаму заставалася Украіна. 

Фота Радыё Свабода


Зрэшты, нечым цалкам аднародным хасідызм ніколі не быў, у ім заўсёды вялікую ролю адыгрывалі мясцовыя духоўныя лідары, якіх звалі цадзікамі. Гэтыя аўтарытэтныя людзі былі аб’ектам сапраўднага пакланення з боку сваіх адзінаверцаў, а іх погляды аказвалі непасрэдны ўплыў на спецыфіку хасідызму ў тым ці іншым рэгіёне. Адпаведна ў рамках гэтага вучэння ўзнікалі асобныя плыні, якія часта захоўвалі сваю адметнасць і пасля смерці цадзіка-заснавальніка, тым больш што ягоную справу нярэдка працягвалі сыны або зяці. Такім чынам узнікалі цэлыя дынастыі цадзікаў, а звязаная з імі плынь хасідызму найчасцей атрымлівала назву ад таго мястэчка, у якім месцілася рэзідэнцыя («двор») цадзіка. 

Былі такія аўтарытэтныя хасідскія «двары» і ў Беларусі, хоць у цэлым тут вяла рэй іншая, літвацкая плынь іудаізму, якая была апазіцыйная хасідам і па-ранейшаму рабіла стаўку на рэлігійную вучонасць — міснагдым. Аснову яе заклаў у тым жа XVIII стагоддзі рабін з Вільні Эліяху бен Шлома Залман, які атрымаў вядомасць як Віленскі гаон (геній). Але гэта не перашкодзіла сфармавацца моцным хасідскім цэнтрам і ў нас: у Любавічах на цяперашняй расійскай Смаленшчыне (зусім блізка ад мяжы з Беларуссю), у Карліне пад Пінскам, Слоніме, Койданаве і некаторых іншых беларускіх гарадах і мястэчках. 

Фота Радыё Свабода


Адным з найвядомейшых у гісторыі хасідскіх цадзікаў быў Рэбе Нахман (1772—1810) — праўнук самога Бешта. З яго дзейнасцю звязаныя адразу некалькі ўкраінскіх мястэчак, але ўрэшце сваёй рэзідэнцыяй ён зрабіў горад Брацлаў (цяпер Вінніцкая вобласць). Дзеля таго і плынь хасідызму, звязаная з ягоным іменем, завецца брацлаўскай. А пахаваны Нахман быў у горадзе Умань (цяперашняя Чаркаская вобласць), куды перабраўся незадоўга да смерці.

Рэбе Нахман памёр ад сухотаў зусім малады, у 38 гадоў. Пераемніка сабе ён не пакінуў, але духоўная спадчына была неўзабаве пасля смерці аўтарытэтнага цадзіка сабраная, сістэматызаваная і выдадзеная адным з ягоных вучняў. Гэта і дазволіла брацлаўскай галіне хасідызму не знікнуць у наступныя два стагоддзі пасля таго, як яе стваральнік сышоў у магілу. А сама гэтая магіла на многія дзесяцігоддзі стала месцам для паломніцтва аднаверцаў. Лічыцца, што кожны вызнаўца брацлаўскага хасідызму мусіць хоць раз у жыцці яе наведаць. 

У 1920-я гады, аднак, традыцыя мусіла перапыніцца. Пры бальшавіцкай уладзе запанавала ваяўнічае бязбожніцтва, ад якога пацярпелі ўсе без выключэння рэлігійныя канфесіі. Пра масавыя паломніцтвы на магілу цадзіка Нахмана пры савецкім таталітарызме даводзілася толькі марыць. А ў вайну яўрэі Усходняй Еўропы прайшлі праз здзейснены нацыстамі Халакост, пасля якога мала хто ацалеў і фізічна. 

Фота Радыё Свабода


Але сам кірунак брацлаўскага хасідызму выжыў і працягваў гуртаваць артадаксальных яўрэяў па-за традыцыйнымі цэнтрамі, перадусім у Ізраілі, ЗША і Заходняй Еўропе. Гэтыя людзі заўсёды памяталі пра магілу свайго духоўнага лідара ва Умані, хоць да часу не мелі магчымасці яе наведваць. Нават атрымаўшы савецкую візу і прыехаўшы ў СССР, ва Умань патрапіць можна было толькі нелегальна, бо яна была зроблена закрытым для іншаземцаў горадам.

Сітуацыя змянілася пасля краху камунізму і з’яўлення незалежнай Украіны. Абмежаванні для іншаземцаў былі знятыя, а магіла Нахмана да таго часу захавалася, хоць і апынулася ў двары прыватнага дома. Хасідская грамада выкупіла гэты ўчастак, добраўпарадкавала яго — і з таго часу пачалася гісторыя сучаснага паломніцтва да святой магілы. У 1990-я на яўрэйскі Новы Год (свята Рош ха-Шана, якое святкуецца ў верасні ці ў пачатку кастрычніка) Умань штогод наведвалі каля 15 тысяч хасідаў, цяпер гэтая колькасць можа перасягаць і 30 тысяч. Улічваючы, што колькасць пастаянных жыхароў горада — каля 80 тысяч, можна ўявіць, які ўплыў на яго аблічча ў гэтыя восеньскія дні робяць іншаземныя госці, якія выразна вылучаюцца выглядам, светапоглядам і традыцыямі. 

Кадр з памежнай камеры відэаназірання


Не замінае гэтаму і не вельмі зручнае для паломніцтваў размяшчэнне Умані. Большасць хасідаў прылятаюць самалётамі ў Кіеў ці Адэсу, а адтуль дабіраюцца да Умані аўтобусамі — гэта 200—300 кіламетраў. Каб спрасціць паломнікам жыццё, неаднаразова ўзнікалі ініцыятывы аб пераносе праху Рэбе Нахмана ў Ізраіль, але большасць грамады брацлаўскіх хасідаў гэтаму рашуча супрацьстаяла. Перанос магілы наўпрост супярэчыць асабістаму завяшчанню цадзіка, які сам абраў месцам свайго апошняга супакаення Умань, жадаючы ляжаць побач з тысячамі яўрэяў, што загінулі падчас так званай Уманскай разні — крывавага эпізоду, гайдамацкага паўстання 1768 года, якое ўвайшло ў гісторыю пад назвай «Калііўшчына».

А калі магіла застаецца ў Умані, то неабходная для адпраўлення хасідскіх абрадаў інфраструктура разбудоўваецца на месцы. Воляй лёсу гэты невялікі цэнтральнаўкраінскі горад стаў адным з цэнтраў сучаснага іўдзейскага жыцця ва ўсёй Усходняй Еўропе. 

Яўрэйскі квартал там дзейнічае не толькі падчас актывізацыі паломніцтваў: жыццё ў ім падтрымліваецца круглы год. Надпісы тут не толькі па-ўкраінску, але і на іўрыце (а нярэдка і толькі на ім), існуюць кашэрныя крамы ды рэстараны, арганізаваны продаж сувенірнай прадукцыі. І, вядома, як цэнтр яўрэйскага жыцця — сінагога. Такі своеасаблівы кавалак Ізраіля сярод украінскіх стэпаў. 

Фота: ЧП Гомель


Праўда, амбіцыйны праект па пабудове новай сінагогі, якая мае стаць найбуйнейшай ва Усходняй Еўропе, ужо шмат гадоў не ўдаецца да канца рэалізаваць. Будуецца яна ўжо амаль два дзясяткі гадоў, але кропку паставіць ніяк не могуць — і з-за фінансавых праблем, і з-за бюракратычных перашкодаў, і з-за канфліктаў з мясцовымі жыхарамі. Апошнія тут, на жаль, зусім не рэдкасць — хоць многія ўманцы і маюць магчымасць мець неблагую сезонную крыніцу заробку, здаючы паломнікам кватэры і аказваючы ім іншыя паслугі, узнікае і шмат пабытовых непаразуменняў. Прычына якіх — і натуральная розніца культур, і нявырашанасць маёмасных спраў, і правакацыйныя паводзіны таго ці іншага боку.


Фота: ЧП Гомель


У гэтым годзе істотныя карэктывы ў традыцыйнае паломніцтва брацлаўскіх хасідаў унесла пандэмія каранавіруса. Украінская дзяржава, змагаючыся з ёй, акурат цяпер ізноў закрывае свае межы, але артадаксальныя вернікі жывуць у сваёй сістэме каардынатаў. Рэлігійныя традыцыі для іх стаяць вышэй за забароны свецкіх уладаў. Таму і шукаюць магчымасці патрапіць у святое для сябе месца нягледзячы ні на што. Дзякуючы чаму мы і бачым сёння тысячы хасідаў на сваёй паўднёвай мяжы. І мусім думаць, якім чынам гэтую праблему вырашаць. 


Аляксандр Пашкевіч 
Наша Ніва

У старым доме ў цэнтры Гомеля знойдзены «скарб» старых прадметаў

| Гісторыя

У пабліку «Пошукі старога Гомеля» апублікаваныя фотаздымкі нечаканых знаходак, якія былі знойдзеныя ў драўлянай сядзібе Гомеля. Краязнаўцы распавялі пра былых гаспадароў дома і знойдзеныя ў будынку рэчы.

Сослали на Колыму из-за письма родственникам в Западную Беларусь. В Гомеле снимают документальное кино о сталинских репрессиях

| Гісторыя

В Гомеле начались съемки документальных фильмов о сталинских репрессиях. В рамках кампании «Забітыя і забытыя» готовится цикл из четырех фильмов с историями жителей города и области.

«80 год не было да гэтай тэмы ніякай справы, а тут успомнілі». Гiсторык расказаў, што стаiць за спробамi знайсцi новыя месцы пахаванняў

| Гісторыя

Генеральная пракуратура абвесцiла пошук iнфармацыi аб месцах пахавання ахвяр вайны. Гомельскi гiсторык, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малiкаў займаецца вывучэннем месцаў былых гістарычных могілак і пахаванняў на тэрыторыі Гомеля на працягу ўжо амаль двух дзясяткаў гадоў. Ён выказаў сваё меркаванне Флагштоку, што стаiць за новымi спробамi адшукаць вінаватых і знайсцi новыя месцы пахаванняў.

«Кіраўнік калгаса прыскакаў ды разагнаў удзельніц шэсця бізуном». Як на Гомельшчыне адраджаецца старажытны абрад

| Гісторыя

На другі дзень пасля Вялікадня ў вёсках Гадзічава ды Маркавічы Гомельскага раёна праводзяць абрад «Ваджэнне Сулы». Адроджаны ў 2007 годзе абрад традыцыйна збірае вялікую колькасць моладдзі, якая не дае традыцыям продкаў згаснуць назаўжды.

Краязнаўцы знайшлі ўнікальныя фота пабудовы маста праз Сож

| Гісторыя

Краязнаўцы з гомельскага гістарычнага пабліка «Пошукі старога Гомеля» знайшлі фотаздымкі будоўлі маста праз Сож. Здымкі з электроннага архіву Дзяржаўнага музея гісторыі Санкт-Пецярбургу. У апісанні файла паметка з пытальнікам: «1880-я гады?»