Фільм пра сталінскія рэпрэсіі на Гомельшчыне абвясцілі «экстрэмісцкім»

| Навіны | 0

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» дакументальную стужку пра сталінскія рэпрэсіі. Як паведаміла «Вясна», фільм «Лес» быў прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі» судом Цэнтральнага раёну Гомеля 29 студзеня.

У дакументальнай стужцы паказана некалькі рэальных гісторый 1930-х гадоў аб сталінскіх рэпрэсіях. Адна з іх – пра гомельскага чыноўніка, які перажыў расстрэл у Навабеліцкім лесе пад Гомелем.


Менавіта там апошнія гады праводзяць раскопкі ўлады і выкарыстоўваюць знойдзеныя парэшткі і рэчы для прапаганды ідэі пра «генацыд беларускага народа»: у афіцыйнай версіі сцвярджаецца, што расстрэлы ў гэтым месцы рабілі не савецкія карнікі, а толькі нямецкія нацысты. Фільм «Лес», які змяшчае факты, каментары гісторыкаў, сведчанні мясцовых жыхароў гэту версію абвяргае.



Кадр з фільму


Стужку зняла гомельская рэжысёрка, адна з заснавальніц Флагштока Марыя Булавінская. Напярэдадні стала вядома, што яе дом у Гомельскім раёне арыштаваны. Гэта можа быць звязана з падрыхтоўкай справы аб прызнанні фільма «экстрэмісцкім».