У Гомелі ліквідуюць грамадскае аб'яднанне, кіраўнік якога ўзнагароджаны медалём за «раскрыццё генацыду»

| Навіны | 0

Паводле іску галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму 15 сакавіка праходзіць суд па ліквідацыі пошукавага грамадскага аб’яднання «Ніколі не забудзем». Адметна, што кіраўнік арганізацыі нядаўна атрымліваў узнагароду ад аблвыканкама.



Фрагмент судовага раскладу Гомельскага абласнога суда (крфніца: service.court.gov.by)


Аб’яднанне было заснавана ў Добрушы мясцовым жыхаром Мікалаем Басянковым у мэтах пошуку парэшткаў савецкіх салдат, якія загінулі ў Другой сусветнай вайне, даследавання архіваў для выяўлення месцаў, дзе адбываліся баявыя дзеянні.


Старшыня аблвыканкаму Крупко уручае грамату Басянкову ў 2023 годзе (фота: «Добрушскі край»)


Грамадскае абʼяднанне «Ніколі не забудзем» было лаяльнае ўладам, пра яго часта пісалі дзяржСМІ, Басянкова запрашалі на афіцыйныя мерапрыемствы, а летась узнагародзілі юбілейным медалём «85 гадоў Гомельскай вобласці» за «асабісты ўнёсак у захаванне гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне, раскрыццё фактаў генацыду беларускага народа» [прапагандысцкая кампанія дзеючых уладаў]. Юбілейную грамату ўручаў старшыня аблвыканкаму Іван Крупко.

І ўжо меней чым праз год аб'яднанне вырашылі закрыць — нагадаем, пасля пачатку маштабных рэпрэсій у Беларусі масава ліквідуюць недзяржаўныя арганізацыі, у тым ліку і тыя, якія не займаліся палітычнай дзейнасцю.

«Больш за 50 энтузіястаў на чале са сваім старшынём падымаюць байцоў Чырвонай Арміі, знаходзяць артэфакты ваенных часоў, займаюцца патрыятычным выхаваннем юных дабрушан. З унікальнай калекцыяй знаходак Мікалай Басянкоў знаёміць усіх жадаючых у пакоі баявой славы, што працуе ў райцэнтры», — пісала ў траўні 2023 года газета добрушскага райвыканкаму.

«Рады, што наша важная справа падтрымліваецца ўладай», — казаў тады Басянкоў.

Працэс ліквідацыі абʼяднання «Ніколі не забудзем» вядзе суддзя Гомельскага абласнога суда Таццяна Азёмша. Афіцыйная прычына ліквідацыі арганізацыі не называецца — дзяржаўныя рэсурсы пра гэта маўчаць.

Пакiнуць каментар