Папулярны рэстаран беларускай кухні «Спадчына», які месціцца ў цэнтры Гомеля, зноў працуе. Як заўважыў Флагшток, праз два тыдні пасля маўчання рэстаран стаў абнаўляць сваю старонку ў сацсетцы.
У свежым допісе гаворыцца пра тое, што ўстанова адкрыта штодня і чакае кліентаў. Але на пытанні ў каментарах рэстаран адказвае ўнікліва. «Адкрыліся?» — спытаў карыстальнік. «Працуем з 11: 00 да 23: 00, чакаем вас у госці», — не даў прамога адказу рэстаран.
Пры гэтым анонсаў якіх-небудзь культурных мерапрыемстваў, якія пастаянна ладзіліся ва ўстанове раней, пакуль няма.
Раней ля ўваходу ў рэстаран заўважылі аб'яву аб тым, што з 3 красавіка ён зачынены па тэхнічных прычынах (да ліквідацыі непаладак). Гэта абвестка з'явілася неўзабаве пасля таго, як стала вядома пра затрыманне ўдзельнікаў народнага абраду «Гуканне вясны», які праводзіў рэстаран.

Фота: «Моцныя навіны»
Таксама Флагшток заўважыў, што ўстанова, верагодна, звольніла свайго арт-дырэктара. Раней адзнака аб такім месцы працы стаяла ў сацсетках Святланы Кастэнка. Цяпер гэтых дадзеных на яе старонках няма.
