За свята ў гомельскім рэстаране затрымалі ўдзельнікаў «Гукання вясны»: тут збіраліся прыхільнікі народнай культуры, у тым ліку міліцыянт, узнагароджаны Лукашэнкам

| Палітыка | 0

У Гомелі сілавікі затрымалі групу людзей, якія адпачывалі ў рэстаране. Як стала вядома «Гомельскай вясне», там праводзілі 21 сакавіка свята «Гуканне вясны». У абрадзе бралі ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку дзеці. Усё адбывалася ў закрытым двары каля рэстарану — то бок не на адкрытым участку, не на плошчы ці нават на гарадской вуліцы, падкрэсліваюць праваабаронцы.

Падрабязнасцяў пакуль няма, але як высветліў Флагшток, гаворка можа ісці пра мерапрыемства ў рэстаране «Спадчына» на вуліцы Савецкай, 1 (будынак «Палесдруку»), ля плошчы Леніна.



Скрыншот відэа ЦікТок


Гэта новы рэстаран, які адкрылі летась. З таго часу там прапаноўваюць не толькі стравы беларускай кухні, але і ладзяць тэматычныя лекцыі-дэгустацыі. Там жа перыядычна праводзілі майстар-класы «Танцы ля печы», а ў студзені арганізоўвалі «Калядкі».

Такім чынам, рэстаран быў своеасаблівым неафіцыйным цэнтрам традыцыйнай беларускай культуры. У мерапрыемствах удзельнічаў нават міліцыянт — старшы ўчастковы інспектар Гомельскага РАУС маёр Віктар Шыпкоў, сёлета ўзнагароджаны прэміяй Лукашэнкі «За духоўнае адраджэнне» — за «значны асабісты ўнёсак у захаванне народных традыцый, этнаграфічныя даследаванні і рэканструкцыю касцюмаў Гомельскага раёна».

Чаму менавіта цяпер кола прыхільнікаў традыцыйнай беларускай культуры трапіла пад рэпрэсіі, пакуль невядома – ніякага палітычнага кантэксту на свяце не было. Ці вызвалілі затрыманых, звестак таксама пакуль няма.

Напярэдадні, як паведамляў Флагшток, было адменена «Гуканне вясны» ў Ветцы — з-за супадзення з датай Хатынскай трагедыі, 22 сакавіка.

Але мерапрыемства ў Гомелі ладзілі не ў гэты дзень, а 21 сакавіка. Да таго ж, аналагічнае свята менавіта 22 сакавіка прайшло ў Ельску і Мазыры пад патранажам мясцовага музея. Абласное тэлебачанне нават зрабіла рэпартажы на гэтую тэму. У той жа дзень абрад зладзілі ў Мазыры.