За ўкраінскі сцяг у Светлагорскім раёне пакаралі былога ратаўніка

| Навіны | 0

Як стала вядома праваабаронцам Гомельскай Вясны, суд Светлагорскага раёна вынес прыгавор жыхару рабочага пасёлка Сасновы Бор, які ў кастрычніку мінулага года зняў у цэнтры пасёлка афіцыйны сцяг і замест яго вывесіў украінскі.


Валер Самсоненка (фота з уласнай старонцы ў Аднакласніках)


41-гадовы Валерый Самсоненка прыгавораны да 1 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму па артыкулу 370 Крымінальнага кодэкса («здзек з дзяржаўных сімвалаў»). Артыкул прадугледжвае да 3 гадоў пазбаўлення волі. Справу разглядала суддзя Касьянава К. Д.

У ноч з 13 на 14 кастрычніка 2023 г. у цэнтры Сасновага Бору быў зняты з флагштока і выкінуты ў сметніцу афіцыйны чырвона-зялёны сцяг, а на яго месца прымацаваны сцяг Украіны. Чалавек, які зрабіў гэта, быў затрыманы па запісу камеры відэаназірання, усталяванай на будынку сельсавета. В. Самсоненка раней працаваў у Светлагорскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, але звольніўся адтуль.

Першапачаткова быў затрыманы і ягоны брат — Ігар Самсоненка.


Пакiнуць каментар