Віну не прызналі. За што ў Гомелі судзяць 10 актывістаў «Рабочага руху», якім пагражае да 15 гадоў зняволення

| Палітыка

У Гомельскім абласным судзе другі дзень ідзе судовы працэс па справе «Рабочага руху». Абвінавачваюцца дзесяць актывістаў: Сяргей Шэлест, Уладзімер Жураўка, Андрэй Пагерыла, Ганна Аблаб, Аляксандар Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Цераневіч, Сяргей Шамецька і Аляксандар Капшуль.




У канцы верасня 2021 году па Беларусі прайшоў шэраг затрыманняў удзельнікаў «Рабочага руху». Іх абвінавацілі ў «экстрэмізме» і «здрадзе дзяржаве». Цяпер дзесяць удзельнікаў платформы судзяць у Гомельскім абласным судзе. Свабода піша пра падрабязнасці абвінавачання.


Што такое справа «Рабочага руху»

У верасьні 2021 году Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра «мярзотнікаў, якія засталіся на прадпрыемствах». «У мяне ёсць інфармацыя, што некалькі мярзотнікаў яшчэ на прадпрыемствах засталося. Яны ставяць мэту праінфармаваць калектыўны Захад пра тое, як Пархомчык з Назаравым спрабуюць абысці санкцыі. Шпіёняць і здаюць інфармацыю туды. Сядуць і надоўга», — выказаўся Лукашэнка. Неўзабаве КДБ даў справаздачу пра затрыманне «мярзотнікаў», прапагандысцкія каналы паказалі «расследаванне», заснаванае на «прызнаннях» затрыманых.

10 лістапада ў Гомельскім абласным судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы «Рабочага руху». Судзяць дзесяць чалавек, якія раней працавалі на буйных беларускіх прадпрыемствах — «Гродна Азот», Беларускай чыгунцы, БМЗ, «Нафтане», «Атланце». Іх вінавацяць у «здрадзе дзяржаве» і «стварэнні экстрэмісцкага фармавання». Толькі за «здраду» ім пагражае 15 гадоў калёніі.



Фота: "Гомельские ведомости"


Пад крымінальны пераслед трапілі Сяргей Шэлест, Андрэй Пагерыла, Уладзімер Жураўка, Аляксандар Гашнікаў, Ганна Аблаб, Сяргей Дзюба, Аляксандар Капшуль, Сяргей Шамецька, Ігар Мінц і Валянцін Цераневіч.

Справу разглядае суддзя Аляксандар Піскуноў. Пацярпелыя, як, напрыклад, дырэктар «Гродна Азот» Ігар Ляшэнка, на суд не з'явіліся. Паседжанні праходзяць штодзень з 9.30 да 14.30.


У чым іх вінавацяць?

Для ўсіх дзесяці чалавек пракуратура падрыхтавала стандартны і практычна аднолькавы набор абвінавачанняў з пэўнымі варыянтамі. Асноўная фабула абвінавачання такая:

  • удзельнічаў у стварэнні экстрэмісцкага фармавання з карыслівай зацікаўленасці, у складзе арганізаванай злачыннай групы
  • планаваў дзеянні для падрыхтоўкі і здзяйсьнення замаху на тэрытарыяльную цэласнасць, сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусі, грамадзкую і эканамічную бяспеку
  • дзейнічаў з матываў палітычнай і ідэалагічнай варожасці, якая выяўлялася ў няпрыязі да дзяржаўнай ўлады
  • супрацьпастаўляў сябе канстытуцыйнаму ладу
  • планаваў дыверсіі
  • выконваў задачы прадстаўнікоў офісу Святланы Ціханоўскай, ведаў, што інфармацыя будзе перададзена спецслужбам Літвы і ЗША
  • дзейнічаў у мэтах уздзеяння на свядомасць і волю грамадзян


Ёсьць у абвінавачанні пэўныя падрабязнасьці. Напрыклад, былога супрацоўніка Беларускай чыгункі Сяргея Дзюбу вінавацяць у тым, што перадаваў службовую інфармацыю староннім асобам і прыняў ад ByHelp дапамогу ў 1500 рублёў за далучэнне да агульнанацыянальнага страйку.

Сяргея Шэлеста абвінавацілі, як і ўсіх, у стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзеле ў ім, у здрадзе дзяржаве, таксама ў паклёпе на дырэктара «Гродна Азот» Ігара Ляшэнку. Абвінавачанне сцвярджае, што ён дзейнічаў з карыслівай зацікаўленасці і атрымаў ад «дыяспары Бостану, ЗША» «не менш за 11 тысяч беларускіх рублёў».

Сяргея Шамецьку, які працаваў на Беларускай чыгунцы, абвінавацілі ў перадачы службовай інфармацыі пра дзейнасць чыгункі старонняй асобе, нейкаму Вайцяховічу.

Ганну Аблаб вінавацяць у перадачы інфармацыі пра рэжым на Беларускай чыгунцы, пра «перамяшчэнне вайсковай тэхнікі», пра кантрабанду на чыгунцы, пра загады і пратаколы паседжання кіраўніцтва прадпрыемства таму ж Вайцяховічу. «Таксама яна цікавілася ў калег звесткамі службовага характару пра фінансавае становішча аб’яднання». У абвіначанні прагучала таксама, што Аблаб перадала Вайцяховічу свой логін і пароль для доступу ўва ўнутраную сістэму чыгункі.

«Карыслівую зацікаўленасць» у дзеяннях Аблаб следства бачыла ў тым, што «абвінавачаная шукала спрыяння ў выездзе і працаўладкаванні ў Польшчы».


Усе абвінавачаныя адмовіліся прызнаваць віну ў здрадзе дзяржаве і стварэнні экстрэмісцкага фармавання. Працэс працягваецца.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна», на пасяджэнні 10 лістапада падсудным было дадзена права выказаць сваё стаўленне да выстаўленага абвінавачвання.

Усе 10 фігурантаў справы заявілі суду, што сваю віну ў дзяржаўнай здрадзе і стварэнні экстрэмісцкага фармавання не прызнаюць. Абвінавачаны Андрэй Пагерыла пагадзіўся толькі з абвінавачваннем у паклёпе.

У справе налічваецца 38 тамоў, у тым ліку сакрэтны — яго будуць разглядаць асобна.

Фігурантамі справы сталі дзесяць чалавек. Сяргей Шэлест, Уладзімір Жураўко і Андрэй Пагерыла абвінавачваюцца паводле арт. 188 (Паклёп), ч. 1 арт. 356 (Здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзел у ім) Крымінальнага кодэкса.

Ганна Аблаб, Аляксандр Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінец, Валянцін Цераневіч і Сяргей Шамецька — паводле ч. 1 арт. 356 (Здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім) КК.

Аляксандр Капшуль — паводле ч. 2 арт.295 (Незаконныя набыццё, захоўванне і перавозка боепрыпасаў), ч. 1 арт. 356 (Здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 (Стварэньне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім) КК.

Санкцыя самага суровага артыкула абвінавачвання — здрада дзяржаве — прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

«Искренне хочу продолжить службу». Гомельская судья попросилась в КГБ, но ее не взяли

| Палітыка | 0

Во время работы в суде Советского района Елена Шайн выносила обвинительные постановления по политически мотивированным делам, но запомнилась и одним справедливым решением.