Дзвюх маладых маці з Гомеля асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму». Верагодна – па справе «Беларускага гаюна»

| Палітыка

Маладую шматдзетную маці з Гомеля асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму». Гамяльчанцы Аксане Умрыхінай 34 гады. Яна маці траіх дзяцей. Гадуе іх адна, бо з мужам у разводзе. З допісаў у сацсетках вядома, што Аксана актыўна шукала розныя шляхі для заробку. Яна спрабавала зарабляць на лайках у YouTube і цікавілася вакансіямі адміністратара тэлеграм-каналаў, паведаміла «Наша Ніва».



Аксана Умрыхіна. Фота: сацсеткі



Нядаўна Аксану Умрыхіну асудзілі ў Гомельскім абласным судзе. Яе прызналі вінаватай паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Жанчыне прысудзілі «хатнюю хімію», падрабязнасці справы невядомыя.

І яшчэ адну маладую маці з Гомеля асудзілі па палітычнай справе. Гамяльчанцы Таццяне Серанковай 27 гадоў. Яна выхоўвае сына. Вядома, што дзяўчына з ліпеня 2018 года стаяла ў агульнай чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў у Цэнтральным раёне Гомеля, піша «Наша Ніва».

Нядаўна стала вядома пра палітычны пераслед жанчыны. Гомельскі абласны суд вынес ёй вырак паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Верагодна, Таццяне таксама прысудзілі «хатнюю хімію».



Таццяна Серанкова. Фота: сацсеткі


Абвінавачванні ў дачыненні гэтых жанчын, паводле крымінальнага артыкула і яго частак, цалкам супадаюць з тымі, якія выстаўляюць па найбольш масавай у апошні год справе – за паведамленні маніторынгаваму каналу «Беларускі Гаюн» аб перасоўванні расійскай вайсковай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі пры нападзе на Украіну.