Звесткі пра палітычныя прысуды на Гомельшчыне, пра якія праваабаронцы даведаліся на працягу апошніх двух тыдняў, сабраў Флагшток па матэрыялах «Гомельскай вясны».
Прадпрымальніка і байкера з Гомеля рэпрэсавалі, імаверна, па «справе Беларускага Гаюна». У Гомельскім абласным судзе абвясцілі вінаватым у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і асудзілі паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса 59-гадовага жыхара абласнога цэнтру Вячаслава Гарбачова. Вынесены прысуд пакуль высвятляецца, але вядома, што ён не звязаны са зняволеннем – найхутчэй, яму прысудзілі абмежаванне волі без накіравання ў карную ўстанову.

Вячаслаў Гарбачоў. Фота: сацсеткі
Вячаслаў Гарбачоў з'яўляецца чальцом мотаклубу RA MCC – аб’яднання мотааматараў з розных постсавецкіх краінаў, якія часта збіраліся на мотазлёты, выпраўляючыся ў дальнія вандроўкі на матацыклах. Ён займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю ў сферы арэнды будаўнічых машын і абсталявання.
З таго, што фармальнай падставай для рэпрэсіі сталі абедзве часткі артыкула 361-4, карны захад можа быць звязаны са справай маніторынгавага Telegram-канала «Беларускі Гаюн», які адсочваў дзеянні расійскай арміі на тэрыторыі Беларусі перад і падчас здзяйснення ўзброенай агрэсіі супраць Украіны. Практычна ўсе крымінальныя справы за паведамленні гэтаму каналу адбываюцца паводле гэтай падставы.
Верагодна, з той жа нагоды рэпрэсавалі жыхарку Рэчыцы. 46-гадовую Таццяну Шарак таксама абвясцілі вінаватай у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 КК. Ён таксама вынеслі прысуд, не звязаны са зняволеннем.

Таццяна Шарак. Фота з сайта «Гомельскай вясны»
Таццяна Шарак мае спецыяльнасць эканаміста і вядома, што яна працавала ў адным з падраздзяленняў аб’яднання «Беларуснафта» ў Рэчыцы. Яе фота нават змяшчалі на календары, выпушчаным да юбілею прадпрыемства. Таксама Таццяна спрабавала сябе ў спевах: была салісткай кавер-гурта «3-й регион». Акрамя гэтага яна цікавілася беларускай мовай і нацыянальнай культурай.
Пра яшчэ аднаго асуджанага па той жа падставе ўраджэнца Рэчыцы даведалася «Наша ніва». 20‑гадовы Данііл Брыкун раней, у раённай гімназіі, паказваў выдатныя вынікі, удзельнічаў у абласных алімпіядах па праграмаванні, прайшоў складаны адбор у Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк і ў 2023 годзе скончыў гімназію з залатым медалём. Паступіў у БДУІР на факультэт камп'ютарных сістэм і сетак.

Данііл Брыкун. Фота з сайта «Нашай нівы»
Мяркуючы па звестках з сацсетак, хлопец са школы шмат часу прысвячаў праграмаванню і тэхналогіям.
Цяпер хлопца асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Яму прысудзілі хатнюю хімію.
Грамадскаму актывісту з Калінкавічаў прысудзілі 10 гадоў зняволення. Праваабаронцам стала вядома пра вынесены прысуд былому чальцу Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандру Елісееву. Яго абвясцілі вінаватым у здрадзе дзяржаве (артыкул 356 Крымінальнага кодэкса) і абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК). Суд адбываўся ў закрытым рэжыме. Аляксандру Елісееву прысудзілі 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніях. Пакуль прысуд не набыў моцы, Елісеева працягваюць утрымліваць у следчых камерах турмы № 4 у Магілёве.

Аляксандр Елісееў. Фота: palesse.press
Елісееў шмат разоў удзельнічаў у незалежным назіранні за выбарамі рознага ўзроўню і праз тое, што на ўсіх іх сведчыў парушэнне дэмакратычных працэдураў, даводзіў, што выконваць рашэнні нелегітымнай улады нельга. Адмаўляўся сплочваць прызначаныя яму паводле палітычна матываваных адміністрацыйных справаў штрафы.
У 2020 годзе і пазней улады затрымлівалі яго і прызначалі працяглыя адміністрацыйныя арышты. Падчас аднаго з іх ён абвяшчаў галадоўку. Гэта было ў лютым 2022 года, калі яго зняволілі за пяць дзён да пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскай арміі ва Украіну.
Аляксандр Елісееў з'яўляецца адмыслоўцам у авіяцыйнай прамысловасці. Ён скончыў Кіеўскі міжнародны ўніверсітэт цывільнай авіяцыі (цяпер – Кіеўскі авіяцыйны інстытут). Некаторы час ён працаваў на авіябудаўнічых прадпрыемствах Украіны, пазней – у Беларусі праграмістам. Пасля таго, як ён стаў удзельнічаць у палітычнай дзейнасці, уладкавацца на годную працу не мог.

