У другой палове сакавіка – пачатку красавіка Гомельскі абласны суд вынес мінімум шэсць рашэнняў па палітычных справах, амаль усе яны, як мяркуюць праваабаронцы, звязаны з «Беларускім Гаюном».
Як паведаміла «Гомельская вясна», быў вынесены прысуд 39-гадоваму вядучаму інжынеру Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Уладзіміру Чурылу. Яго абвясцілі вінаватым у “садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (часткі 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса). Прысуд цяпер намагаюцца высветліць праваабаронцы, але вядома, што ён не звязаны з пазбаўленнем волі. Хутчэй за ўсё яму прысудзілі абмежаванне волі без накіравання ў карную ўстанову.
Таксама пакуль высвятляецца і сутнасць выстаўленых Уладзіміру Чурылу абвінавачванняў. Але імаверна, яго рэпрэсавалі за дапамогу «Беларускаму Гаюну».

Уладзімір Чурыла. Фота: Мазырскі НПЗ
У лістападзе 2020 года Уладзіміра Чурылу ў ліку васьмярых работнікаў МНПЗ выклікалі позваю ў Мазырскі РАУС і адтуль не выпусцілі, завёўшы на іх адміністрацыйныя справы за рэалізацыю права на свабоду мірных сходаў. Мужчыны 27 кастрычніка 2020 года сталі каля прахадной завода з плакатамі, якія падтрымлівалі мірныя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту да мірнага насельніцтва з боку супрацоўнікаў карных структураў кіроўнага рэжыму.
Уладзімір Чурыла ў якасці вядучага інжынера-тэхнолага паліўна-каталітычнай вытворчасці, якая перапрацоўвае сярністую нафту, шматкроць згадваўся ў заводскай і галіновай газетах, як найлепшы працаўнік, вынаходнік і рацыяналізатар. Ён атрымліваў узнагароды ад кіраўніцтва нафтаперапрацоўчага завода.

Мікіта Мароз. Фота: сацсеткі
Па тым жа абвінавачванні асудзілі 27-гадовага жыхара Мазыра Мікіту Мароза. Прызначаную яму кару зараз спрабуюць высветліць праваабаронцы. Аднак, вядома, што яна не звязаная са зняволеннем.

Ігар Жук. Фота: сацсеткі
Па тых жа артыкулах асудзілі 25-гадовага жыхара Гомеля Ігара Жука. Найхутчэй яму таксама прысудзілі пазбаўленне волі без накіравання ў карную ўстанову.

Дзмітрый Луговіч. Фота: сацсеткі
Таксама вынеслі прысуд 33-гадоваму жыхару Мазыра Дзмітрыю Луговічу. Дакладна вядома, што пакаранне звязанае са зняволеннем – яму прызначылі або пазбаўленне волі ў калоніі, або абмежаванне волі з накіраваннем у карную ўстанову.

Віктар Варвановіч. Фота: сацсеткі
Акрамя таго, Гомельскі абласны суд абвясціў 40-гадовага жыхара абласнога цэнтра Віктара Варвановіча паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса вінаватым у так званым “садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці”. Яму вынеслі прысуд, не звязаны са зняволеннем. Найхутчэй мужчыну прысудзілі абмежаванне волі без накіравання ў карную ўстанову.

Раман Дзямідаў. Фота: сацсеткі
52-гадовага жыхара Гомеля Рамана Дзямідава ў мясцовым абласным судзе засудзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: часткі 1 і 2 артыкула 361-4 (“садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”) і ч. 1 арт. 368 (“абраза Лукашэнкі”). Вядома, што вынесены яму прысуд, звязаны са зняволеннем.