Вядомы гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, былы палітвязень, завочна асуджаны да 5 гадоў зняволення па новай справе, паведаміў пра чарговае ўварванне сілавікоў да яго родных. «Шукаць» праваабаронцу прыходзілі да яго 87-гадовай маці, хаця сілавікам добра вядома, што Леанід даўно за мяжой і не хавае свайго месцазнаходжання.
«Маці забрала хуткая. Сэрца не вытрымала пасля ўварвання сілавікоў у яе хату. Пасля таго, як прымусілі жанчыну ў гадах падпісаць пратакол пра маю адсутнасць, хоць я пакінуў бацькоўскі дом яшчэ ў часы СССР. Яны ведаюць, дзе я, але ж робяць выгляд, што шукаюць. Прыйшлі пакараць 87-гадовую маці за мяне! І сэрца маці не вытрымала», — напісаў праваабаронца ў Facebook.

Фота: старонка Леаніда Судаленкі ў Facebook
Ён упэўнены, што ціск на родных з'яўляецца сапраўднай мэтай такіх уварванняў сілавікоў:
«Рэжым гэтага і хацеў, бо так публічна абяцаў заказчык злачынстваў супраць чалавечнасці! Нават у вязніцы я бярог маці, не казаў усёй праўды — казаў, што працую за мяжой. Пасля вызвалення паспеў развітацца, але і тады не раскрыў праўду. Віншаваў у сакавіку з Днём нараджэння і яна запыталася: “Сынок, калі ты да мяне прыедзеш?” Я не змог яе раніць і сказаў: “Восенню, мама. Абавязкова прыеду.” Хоць дакладна ведаў: хутчэй за ўсё, не змагу...»
Леанід Судаленка не губляе надзею на сустрэчу з маці:
«Сёння я зноў кажу табе, мама: калі дарога прывядзе мяне дадому — я прыеду з кветкамі. Без затрымкі. Адразу. Ты — са мной. У сэрцы. У памяці. Кожны дзень. А тым, хто ўварваўся ў твой дом, скажу адно: Жывіце. І бойцеся. Бо страх — цяпер у вашых вачах!»
