Па справе Гаюна, за пратэсты, дапамогу зняволеным і каментары ў сацсетках. Хто з жыхароў Гомельшчыны быў вызвалены па апошнім памілаванні і за што іх рэпрэсавалі

| Палітыка

Спіс усіх вызваленых 19 сакавіка палітвязняў — жыхароў Гомельскай вобласці — прывяла «Гомельская вясна». З 250 памілаваных толькі 13 чалавек з Гомельшчыны, з іх 5 жанчын. Флагшток сабраў звесткі пра кожнага з іх.

Многія былі асуджаныя за паведамленні Тэлеграм-каналу «Беларускі Гаюн» пра перасоўванне вайсковай тэхнікі па Гомельшчыне пры нападзе РФ на Украіну. Некаторыя з вызваленых не прабылі ў зняволенні і аднаго году, адзін з вязняў быў за кратамі болей за пяць гадоў.



Гамяльчук Мікіта Залатароў у цэнтры. Фота: Наша Ніва


Ганна Багінская з Мазыра 1978 года нараджэння была затрыманая 3 траўня 2025 году па абвінавачванні ў арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса — Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Асуджаная да 3 гадоў пазбаўлення волі па «справа Гаюна». У Ганны двое дзяцей. 

Наталля Давыдуліна са Жлобіна 1977 года нараджэння была затрыманая 23 студзеня 2024 году па тым жа абвінавачванні і таксама асуджаная на 3 гады калоніі, але па іншай справе – аб салідарнасці з палітзняволенымі. З сацсетак Наталлі вядома, што ў іх з мужам вялікая сям'я — пяцёра дзяцей, з якіх адна дачка цяпер яшчэ ў малодшай школе. Адзін з сыноў Наталлі, Дзяніс Давыдулін — былы палітвязень.

Алена Змушко з Гомеля 1986 года нараджэння была затрыманая 13 лістапада 2024 году пры вяртанні ў Беларусь з Польшчы — таксама па арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса і асуджаная на 3 гады пазбаўлення волі. Яна праходзіла і па «справе Гаюна», і па справе салідарнасці з палітвязнямі. Алену чакалі муж і маленькі сын.

Іна Корбут з Нароўлі 1993 года нараджэння была затрыманая па тым самым абвінавачванні па «справе Гаюна», але дата затрымання і тэрмін зняволення не былі вядомыя праваабаронцам. Іна жыла таксама ў Мазыры і Магілёве. Апошнія тры гады яна мела статус індывідуальнай прадпрымальніцы, кірунак дзейнасці — фатаграфія.

Яраслава Хромчанкава з Мазыра, грамадзянка Расіі, 1997 года нараджэння была затрыманая 23 красавіка 2025 году не толькі па арт. 361-4 (таксама «справа Гаюна»), але і па арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса — Дыскрэдытацыя Беларусі. Вынік суда: 3 гады пазбаўлення волі.



Злева направа: Багінская, Давыдуліна, Змушко, Корбут, Хромчанкава


Аляксей Кайдаш з Мазыра 1979 года нараджэння быў затрыманы 20 лютага 2025 году па арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса — Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці па «справе Гаюна» і асуджаны на 3 гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Аляксей займаўся прафесійнымі фотаздымкамі, рабіў вясельныя, дзіцячыя, партрэтныя фота.

Сяргей Кебец з Мазыра 1979 года нараджэння быў затрыманы 9 жніўня 2025 году па тым жа абвінавачванні па «справе Гаюна». Тэрмін зняволення не быў вядомы праваабаронцам. Сяргей працаваў галоўным інжынерам ТАА «Інтэрмеа», якое займалася будаўніцтвам, захапляўся спевамі пад гітару, вёў свой Youtube-канал, дзе выкладаў песні ва ўласным выкананні. 

Андрэй Крэйдзіч з Мазыра 1977 года нараджэння быў затрыманы 11 студзеня 2025 году па арт. 369 Крымінальнага кодэкса — Абраза прадстаўніка ўлады, арт. 368 КК — Абраза Лукашэнкі, арт. 361-1 КК — Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім, арт. 369-1 КК — Дыскрэдытацыя Беларусі. Быў асуджаны на 3 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

Вілен Тургунаў з Гомеля 1968 года нараджэння быў затрыманы 20 траўня 2024 году па арт. 361 Крымінальнага кодэкса — Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, арт. 130 КК — Распальванне варожасці ці варажнечы, арт. 367 КК — Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі. Вынік суда праваабаронцам не быў вядомы. Мужчына ў 1990-х гадах працаваў у РАУС Чыгуначнага раёна Гомеля. Пасля – кухарам. У сацыяльных сетках актыўна выказваўся пра беларускіх сілавікоў і чыноўнікаў.

Даніла Чыбісаў з Гомеля 2003 года нараджэння быў затрыманы 17 кастрычніка 2024 году паводле арт. 361 Крымінальнага кодэкса — Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, арт. 361-4 КК — Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Вынік суда праваабаронцам быў невядомы. Даніла быў студэнтам Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.



Злева направа: Кайдаш, Кебец, Крэйдзіч, Тургунаў, Чыбісаў


Дзмітрый Карнейчык з Мазыра 1982 года нараджэння быў затрыманы па арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса — Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Дата затрымання і вынік суда былі невядомы праваабаронцам. Дзмітрый больш за 15 гадоў займаўся бізнэсам у Мазыры — ад продажу канцылярскіх тавараў да ўласнай фотастудыі.

Дзяніс Жалязко з Петрыкава 1986 года нараджэння быў затрыманы па 9 артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 342 — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, арт. 369 КК — Абраза прадстаўніка ўлады, арт. 368 КК — Абраза Лукашэнкі, арт. 130 КК — Распальванне варожасці ці варажнечы, арт. 188 КК — Паклёп, арт. 367 КК — Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі, арт. 203-1 КК — Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных, арт. 361-4 КК — Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, арт. 369-1 КК — Дыскрэдытацыя Беларусі. Вынік суда: 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Дзяніс скончыў Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыіі, працаваў у гандлёвым доме Рагачоўскага малочнакансервавага камбіната, які знаходзіцца ў Гомелі. Пасля вызвалення быў прымусова вывезены ў Літву.

Мікіта Залатароў з Гомеля 2004 года нараджэння быў затрыманы, калі яшчэ быў непаўналетнім, 11 жніўня 2020 году па ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя масавых беспарадкаў, арт. 364 КК — Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў, арт. 295 КК — Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. Першапачаткова Мікіта быў асуджаны 4 гады і 6 месяцаў. Мае сур’ёзныя праблемы са здароўем, хварэе на эпілепсію.

Пазней на Мікіту Залатарова завялі яшчэ адну крымінальную справу па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу (Гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). У 2024 годзе ў Жодзіне над хлопцам адбыўся чарговы суд. Мікіту абвінавачвалі паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). У верасні 2025 г. стала вядома, што Мікіта парэзаў сабе вены ў калоніі.

Неаднаразова яго кідалі ў ШІЗА, пад пераслед таксама патрапіў бацька Мікіта, які змагаўся за яго вызваленне.



Злева направа: Карнейчык, Жалязко, Залатароў


Пасля памілавання хлопца таксама прымусова вывезлі ў Літву. У інтэрв'ю журналістам ён сказаў, што перад вызваленнем заставаўся ў штрафным ізалятары і ўвесь час моцна сумаваў у вязніцы па родных: «Больш за ўсё па маці, па бацьку, брату, па сястрычцы сваёй». Але пакуль скантактавацца з блізкімі ён магчымасці не меў.  

Былы палітвязень адзначыў, што першы час меў вялікае падтрыманне з волі — і лісты, і іншую дапамогу, а пазней «перастала ўсё даходзіць». Мікіта адзначыў, што яго забралі 18 сакавіка каля 11:00 наўпрост са штрафнога ізалятару: 

«Завялі на КПП там, у калоніі, і потым рэзка аддалі мае рэчы, загрузілі нас у нейкія машыны белыя і павезлі ў Мінск. У Мінску мы пераночылі, мы туды а 17:00 прыехалі, і толькі раніцай нас ужо павезлі. Я так зразумеў, што ўжо вызваляць вязуць. Куды, што — нічога не казалі».


Цяпер Мікіта хоча памаліцца, бо ён верыць, што «Госпад пачуў мае малітвы, што я маліўся». Ён адзначыў, што менавіта ў вязніцы прыйшоў да веры.