Валерый Цэпкала ў Гомелі: «Я бачу Беларусь нармалёвай дэмакратычнай і развітай краінай»

| Палітыка

Валерый Цэпкала наведаў абласны цэнтр, каб правесці пікет па зборы подпісаў за сваё вылучэнне ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор’я, дзясяткі гомельцаў прыйшлі на сустрэчу з патэнцыйным кандыдатам, каб падтрымаць яго і абмеркаваць бачанне будучыні краіны. 


«Падыходзім, падпісваемся! Кожнаму падпісанту — новага прэзідэнта!» — такія заклікі можна было пачуць з боку прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы В. Цэпкалы. Нягледзячы на істотны прырост у колькасці сабраных подпісаў (паведамляецца, што 30-цітысячны рубеж ужо пяройдзены), людзей па-ранейшаму не хапае.




Жанна Мякіш, каардынатарка ініцыятыўнай групы В. Цэпкала па Гомельскай вобласці:

Тыя, у каго ёсць пасведчанне, працуюць наогул па 15 гадзін. На ўсю Гомельскую вобласць у нас толькі 20 чалавек. Але мы працягваем нашу дзейнасць і ўжо паспелі зладзіць сустрэчы ў нашай вобласці ў Акцябрску, Светлагорску і Гомелі. Ці наведае Валерый Цэпкала іншыя гарады Гомельшчыны, мы зразумеем праз пару дзён, калі будзем планаваць наступныя візіты нашага кандыдата па Беларусі.


Жанна Мякіш, каардынатарка ініцыятыўнай групы В. Цэпкала па Гомельскай вобласці

Яскравым адрозненнем сёлетняй выбарчай кампаніі з’яўляецца тое, што адбою ад ахвотных пакінуць свой подпіс за незалежных кандыдатаў няма.

Гамяльчук:

Шчыра кажучы, надакучыла быць быдлам. Столькі год нас ужо трымаюць за дурняў, хочацца, нарэшце, зменаў і новых людзей. Ад улады хочацца шчырасці — каб нічога не выдумвалі і не замоўчвалі. Я подпісы пакінуў і за Цэпкалу, і за Ціханоўскую — хай удзельнічаюць у выбарах.


Нягледзячы на дождж, на гомельскі пікет В. Цэпкалы людзі падыходзілі цэлымі сем’ямі, каб выказаць падтрымку.

Адметна, што на пікеце можна было пакінуць свой подпіс і за С. Ціханоўскую, паколькі былі і прадстаўнікі яе ініцыятыўнай групы. Валерый Цэпкала выразіў сваю падтрымкую кандыдатцы яшчэ раней падчас візіту ў Светлагорск. 

Чым больш людзей будзе зарэгістравана кандыдатамі ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, тым лепей, — адзначыў прэтэндэнт. — Тады грамадскасць зможа азнаёміцца з рознымі ідэямі і бачаннямі развіцця нашай краіны. І мы зрабілі гэты крок не для таго, каб дзяліць беларусаў на чырвоных, белых, зялёных, а для таго, каб мы былі адзіным народам, для якога мець розныя кропкі гледжання нармалёва.

Гамяльчанка:

Я прыйшла аддаць подпіс за Валерыя Цэпкалу, але раней падпісалася і за Святлану Ціханоўскую таксама. Я хачу перамен і вельмі пераймаюся за сваіх дзяцей, для якіх я, на жаль, не бачу ўжо тут будучыні. Мы на выходных з дзецьмі вучым польскую мову і думаем аб пераездзе ў Польшчу. Спадзяюся, што нам не давядзецца гэтага рабіць, але ў Беларусі ўсё ж робяцца жахлівыя рэчы, з людзьмі проста не лічацца. Я спадзяюся, што ў гэтым годзе ў нас усё атрымаецца.



Гамяльчук:

Як і большасць людзей я хачу перамен. І, нарэшце, з'явіліся лідэры, якія могуць іх наблізіць. Сёння я прыйшоў пакінуць подпіс за Святлану Ціханоўскую. Мне хочацца, каб людзей пачалі паважаць, каб іх не забіралі проста так на вуліцах, як было нядаўна ў Гродна. Бо ўжо ж ХХІ ст., а ўлады лічаць нас за дурняў і ў прамым эфіры, калі ў кожнага ёсць магчымасць весці трансляцыю ў інтэрнэт спрабуюць нас ашукаць і прынізіць.




У ініцыятыўнай групе В. Цэпкалы ў Гомелі было шмат моладзі, якая ў гэтым годзе актыўна прымае ўдзел у перадвыбарчай кампаніі.



Адчуваецца, што перамены могуць рэальна пачацца, — адзначае малады валанцёр ініцыятыўнай групы В. Цэпкала. — Грамадства накаляецца, а людзі, якія яшчэ месяц таму былі айцішнікамі або банкірамі, якіх усё, нібыта, мусіла задавальняць, ужо больш не могуць цярпець і ідуць у палітыку. Больш за ўсё мне хацелася б пераменаў у галовах беларусаў. Каб яны не чакалі ад іншых, што за іх зробяць іх будучыню, каб яны самі праяўлялі ініцыятыву і шукалі шляхі да зменаў. У астатнім мне здаецца, што ўсё вырашыцца не на выбарах, а праз пэўныя памылкі ўраду, якія ён зараз дапусціць. Бо кіраўніцтва краіны дакладна не разумее таго, што зараз адбываецца і як на гэта рэагаваць адэкватна часу.


Пасля з’яўлення В. Цэпкалы на пікеце гомельцы шчыльна абступілі кандыдата і больш за гадзіну не адпускалі яго, удакладняючы яго пазіцыю адносна тых або іншых пытанняў будучыні краіны. “Флагшток” занатаваў некаторыя найбольш яскравыя яго выказванні. 

  • У нас ёсць пэўныя нарыхтоўкі, якія дазволяць нам у гэтым годзе лічыць, што выбары пройдуць больш-менш справядліва. Мы іх агучым бліжэй да выбараў. Адна з ідэяў, якую даводзілася чуць, — каб бюлетэні для розных кандыдатаў былі рознага колеру. Пры наяўнасці празрыстых скрыняў гэта дазволіла б у тым ліку павялічыць справядлівасць падліку галасоў.
  • Я супраць байкоту. Калі мы не ідзем на выбары, то мы падтрымліваем існую ўладу, таму байкот — не выхад. Галасы тых, хто не прыйдзе, дакладна не будуць лічыцца. У астатнім давайце спадзявацца і на абуджэнне грамадзянскага доўга ў чальцоў мясцовых выбарчых камісій. Давайце лічыць, што завучы і настаўнікі ў пэўны момант скажуць сабе "што я магу згубіць?" і праявяць сябе як свядомыя грамадзяне краіны. Давайце ў іх паверым.
  • Я бачу Беларусь нармалёвай дэмакратычнай і развітай краінай, дзе людзі будуць мець магчымасць нармалёва зарабляць і жыць.
  • Дзіву даешся, калі нават на нашыя дарогі глядзіш. Нават у Паўночнай Еўропе, дзе таксама не лепшыя ўмовы надвор'я існуюць і тое ўмеюць рабіць якасна і надоўга. А нашыя будаўнікі нібыта нават пра дрэнаж нічога не чулі. Што казаць, у Мінску каля Нацыянальнай бібліятэкі і тое ўтвараюцца лужы. Так, як будуем мы, не будуе ўжо ніхто.
  • У чым сэнс мадэрнізацыі? Мы павінны прызнацца, што дзесьці мы адсталі, што нехта робіць лепш за нас. У першую чаргу я запрашу шведскіх і фінскіх будаўнікоў, каб яны дапамаглі нам за 2 гады навучыцца будаваць якасныя дарогі. Мы запросім італьянскіх і французскіх архітэктараў, якія будуць будаваць нам больш танныя і прыгожыя будынкі, чым сёння.
  • Трэба развіваць мясцовае самакіраванне. Ёсць праблемы, каторыя распавядаюць мне жыхары малых гарадоў і іх мусяць вырашаць людзі на месцах. Напрыклад у Светлагорску мае быць магчымасць выбару ў плане таго, што важней для людзей: новыя рабочыя месцы на заводзе або здароўе. Рашэнні ёсць паўсюль, як і шкодныя вытворчасці, але ў іншых краінах, калі і будуюць падобныя заводы, то на аддаленні ад населеных пунктаў. Таму няхай падобныя дыскусіі будуць на месцах заўжды, як і пошук канкрэтных рашэнняў, каб людзі мелі магчымасць выбраць сабе кіраўніцтва і разам з ім вырашаць свае праблемы.
  • Яшчэ адной праблемай з'яўляецца тое, што ўсе грошы сыходзяць у цэнтр. Я лічу, што, акрамя рэспубліканскага бюджэта, рэгіянальныя ўлады павінны мець свае грошы, якія ім не спускаюць зверху, а якія фармуюцца і застаюцца тут. Ва Ўкраіне зараз ужо склалася сітуацыя, калі некаторыя рэгіёны праз рэформу не ведаюць нават, куды ім нарэшце лішкі сродкаў пускаць. Таму я перакананы, што і паўнамоцтвы і фінансы трэба перадаваць у рэгіёны.


Яўген Меркіс

Флагшток